Занепадае вадзяны млын, які пазначаны яшчэ на картах Рэчы Паспалітай


Гэты млын можна знайсці яшчэ на мапе Рэчы Паспалітай 18 стагоддзя. Дый 20 гадоў таму тут функцыянавала гідраэлектрастанцыя, якая сілкавала ўсю вёску. А сёння ад некалі магутнага вадзянога млына засталіся толькі руіны. Але гэтыя руіны разам з прылеглай да млыну дамбай, на думку мясцовых актывістаў, уяўляюць сабой каштоўнасць і мусяць быць унесеныя ў спіс гістарычна-культурніцкіх каштоўнасцяў.

«Калі атрымаецца надаць статус гэтым руінам – дарэчы, плаціна таксама ўваходзіць у частку гістарычнага аб’екту «млын» – тады ў нас будзе шанец зрабіць праект і на масток, і на плаціну, і на рэшткі гэтага млына», – кажа актывіст Станіслаў Таспаеў.

Зямля, на якой стаяць руіны, цікавая мясцоваму прадпрымальніку з вёскі Вузла. Ён гатовы развіваць тут байдарачны бізнес. Праўда, што менавіта ён плануе зрабіць з млынам пасля таго, як атрымае землі ва ўласнасць, прадпрымальнік Андрэй Гладкі не прызнаецца:

«Ну, скажам так, я прадпрымальнік, і ў мяне ёсць такое паняцце, як камерцыйная таямніца».

Пакуль што афіцыйна зямельны надзел, на якім стаяць руіны млыну, належыць мясцоваму фермеру. Але яму ні самая зямля, ні тым больш рэшткі млыну не патрэбныя. Фермер Максім Шалуха тлумачыць:

«Проста такая працэдура вылучэння, што вылучаецца адным кавалкам. Я ў любы момант гэтую зямлю, гэты кавалак, аддам выканкаму, Андрэю, любому мясцоваму жыхару».

Які лёс чакае млын далей – не зразумела. Час ідзе, млын прыходзіць у непрыдатнасць і без моцнай гаспадарскай рукі рызыкуе знікнуць, як адбылося з млынам Томішкі ў Пастаўскім раёне. Ігар Пастухоў з экаруху «Зялёны дазор» спрабаваў уратаваць гэты млын:

«Калі мы ацэнім гісторыю разбурэння млыноў, то разбурэнне адбывалася менавіта паводле старой схемы: нікому яно не трэба, а камяні куды? На дамы, на дачы, на падмуркі».

Атрымліваецца, што адзіны варыянт выратаваць млын у Вузле – гэта кампраміс актывістаў і бізнесоўца.

«Кожны нерухомы помнік – гэта абʼект, які павінен прыносіць прыбытак. Калі ён не прыносіць прыбытку, то ён загінаецца. У дзяржавы няма столькі сродкаў, каб на кожны помнік выдаткоўваць грошы», – кажа архітэктар Андрэй Лары.

Адзінае, што застаецца сёння, – чакаць рашэння аб наданні статусу гістарычна-культурніцкай каштоўнасці. Актывісты рыхтуюць адпаведныя дакументы ў Міністэрства культуры.

Алена Дубовік belsat.eu