Замятаюць сляды: з Youtube прыбралі старое відэа з Юрыем Гараўскім у СОБР


Ані краіны Захаду, ані Беларусь на афіцыйным узроўні ніяк не адрэагавалі на сенсацыйныя звесткі пра палітычныя забойствы апанентаў Лукашэнкі 20-гадовай даўніны. Узнаўлення следства запатрабаваў апазіцыянер Анатоль Лябедзька, а медыі ды інтэрнаўты знаходзяць пацверджанні праўдзівасці споведзі былога байца СОБР Юрыя Гараўскага, які назваў сябе саўдзельнікам злачынстваў на замову дзяржавы.

«Ланцуг неабыякавых» – акцыя апазіцыі з партрэтамі зніклых паводле аднолькавага сцэнара апанентаў Лукашэнкі.

Палітык Анатоль Лябедзька, суарганізатар акцыяў памяці і былы дэпутат Вярхоўнага Савету мусіў дзеяць пасля прагляду сенсацыйнага фільму «Deutsche Welle» «Забойствы праціўнікаў Лукашэнкі ў Беларусі, споведзь саўдзельніка»:

«Такі ўзровень доказаў – гэта ўпершыню. Таму я вырашыў, што трэба ісці да тых, хто атрымлівае грошы падаткаплатнікаў і мае прафесійную адказнасць: да кіраўніка Следчага Камітэту Івана Наскевіча і генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка».

Прызнанні былога байца СОБР Юрыя Гараўскага аб саўдзеле ў выкраданні і забойстве Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага патрабуюць узнаўлення крымінальных справаў, лічыць палітык. Хоць мінула 20 гадоў, але справу не закрылі праз даўніну.

Раней аўтары фільму «Белсату» пра эскадроны смерці «Банда» згадвалі магчымую прычыну: пасля закрыцця з матэрыяламі могуць азнаёміцца блізкія ахвяраў. Гэтак і ў рэпартажы «Deutsche Welle» былы спецдакладчык ПАРЕ аб Беларусі Хрыстас Пургурыдыс кажа:

«Не можа быць, што гэтыя выкраданні і забойствы адбыліся без згоды, мякка кажучы, вельмі-вельмі высокіх чыноўнікаў. Калі я гэта кажу, я маю на ўвазе кіраўніка Беларусі».

Гараўскі паказаў канкрэтныя месцы забойства (тэрыторыя вайсковай базы ў Бягомлі) і назваў прозвішчы ўдзельнікаў – усяго 15 собраўцаў пад кіраўніцтвам падпалкоўніка Змітра Паўлічэнкі. Апошні напярэдадні цвердзіў, што Юры Гараўскі ў СОБРы не служыў. Аднак інтэрнаўты знайшлі яго на відэа ў рэпартажы пра СОБР 1999 года, зробленых Белтэлерадыёкампаніяй. Гэтага ж дня відэа выдалілі з Youtube-каналу.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Потым яшчэ некалькі асобаў выказвалі недавер да сведчанняў Гараўскага, які жыве ў адной з нямецкамоўных краінаў і чакае на палітычны прытулак. Аўтар фільму Крысціан Трыппе, запэўнівае:

«Мы правяралі вельмі старанна тое, што нам казаў Гараўскі, каб упэўніцца, што мы не маем дачынення з хлусам, які распавядае гісторыі дзеля прыцягнення да сябе ўвагі, або з мэтаю абвінаваціць іншых асобаў. Мы прадставілі факты, якія праверылі на месцах праз адпаведных людзей у Беларусі».

Напрацягу трох дзён «Белсат» апытвае беларусаў. Фільм стаўся інфармацыйнай бомбаю. Бурлівая дыскусія развязалася ў медыях, у сацыяльных сетках і «на кухнях».

«10 чалавек зніклі, куды? Аляксандр Рыгоравіч пэўна ў нечым дапамог ім».

«Мяркую, што пакаранне мае панесці той, хто аддаваў загад».

«Напрацягу ўсіх гэтых 20 гадоў рэакцыя ад грамадскасці была слабая, таму кіраўніцтва нашай краіны аніякім чынам не матываванае рэагаваць».

«Дзяржава на чале з нашым, так бы мовіць, прэзідэнтам і ўсім кіраўніцтвам маюць прыняць найактыўнейшы ўдзел у развязанні гэтага пытання, і патлумачыць людзям нарэшце, разумееце. Народ чакае», – кажуць жыхары Менску.

Кіраўнік цэнтру даследаванняў «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька раіць кіраўніку краіны:

«Перад сустрэчаю з Пуціным звярнуцца напрыклад да кіраўніцтва Нямеччыны і сказаць «Давайце мы створым супольную следчую групу, якая расследуе ўсе гэтыя факты. Гэта быў бы моцны крок. Крок чалавека, які не мае ніякага дачынення да выкрадання і забойства Ганчара, Захаранкі і іншых».

Пасля выкрадання Ганчара і Захаранкі тысячы людзей выходзілі на вуліцы, пасля чаго хваля выкраданняў людзей спынілася. Палітык мяркуе, што цяпер падобная хваля магла б змусіць уладу даць тлумачэнні.

Юлія Цяльпук belsat.eu