Замяніць ралеты – або застацца без працы. Новыя іспыты малога бізнесу


Больш за дзвесце подпісаў сабралі індывідуальныя прадпрымальнікі «Новабарысаўскага» рынку ў горадзе Барысаве пад зваротам да ўладаў гораду. Дробныя гандляры пратэстуюць супраць новых пабораў на мадэрнізацыю рынка. Без працы і сродкаў на існаванне рызыкуюць застацца дзясяткі чалавек.

Вось гэтыя ралеты – прычына супрацьстаяння гандляроў і адміністрацыі рынку ў Барысаве. Кожны з іх каштуе ад дзвюх да трох тысячаў долараў. І замяніць іх прадпрымальнікі маюць за ўласны кошт.

Усталявалі ралеты ў строгай адпаведнасці з патрабаваннямі папярэдняй адміністрацыі рынку. Прыйшлі новыя ўласнікі ды захацелі новых узораў – натуральна, за грошы арандатараў. Хто не жадае – таму пагражаюць скасаваць дамову арэнды, кажуць барысаўскія гандляры:

«Гэта вельмі вялікія грошы, каб дастаць іх і пакласці, – у 90 % людзей такіх грошай няма. 10 % усталююць – астатнія пойдуць на вуліцу».

«Мы з жонкаю таксама тут на рынку, у мяне двое няпоўнагадовых дзяцей, якіх я павінны вучыць. Я ўзяў крэдыт, я будую дом – не прашу ў дзяржавы – вось як мне быць?»

«Людзі працуюць і перадпенсійнага веку, і моладзі шмат – заводы не працуюць у горадзе, няма дзе ўладкавацца на працу».

«З 1 ліпеня, як я разумею, з намі будуць скасоўваць дамовы з ліпеня. І з ліпеня, хто не мае грошай, той застанецца без працы».

Барысаўскія гандляры звяртаюць увагу, што плоцяць арэнду і добраўпарадкаванне, але ўладальнікі рынку самыя не дбаюць пра парадак. У падобнай сітуацыі аказаліся і гандляры віцебскага рынку «Эвіком»:

«Праблема ў тым, што нам нядаўна паведамілі, што нашыя ралеты будуць прыбіраць».

«Ці будуць нам прапанаваныя новыя працоўныя месцы, мы не ведаем. Я, як прадавец, застаюся без працы».

«З аднаго боку дзяржава, нібыта, стварае шмат нарматыўных актаў для падтрымання прыватнага бізнесу, а на практыцы мы бачым, што гэтыя нарматыўныя акты не дзеюць, а ідзе масавы прыгнёт малога бізнесу».

Прычына ціску на дробны бізнес – наступ на беларускі рынак расейскіх гандлёвых сетак, а таксама жаданне чыноўнікаў на дзяржаўныя патрэбы выдаткоўваць грошы дробных гандляроў – мяркуюць у прадпрымальніцкім руху.

«Тут вельмі проста: у горадзе Барысаве ўвосень будуць Дажынкі, і мясцовыя ўлады, каб усё было прыгожа і ўсё было «з іголачкі». І таму папрасілі замяніць старыя павільёны на новыя. Але праз той эканамічны стан, у якім мы апынуліся, усё праз эканамічны стан і пакупніцкую здольнасць людзей – гэта вялікія страты для прадпрымальнікаў, і яны не могуць мяняць гэтыя старыя павільёны на новыя», – кажа старшыня грамадскай арганізацыі прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

Больш за дзвесце Барысаўскіх прадпрымальнікаў чакаюць адказу ад гарадскіх уладаў на сваю просьбу: не дазволіць новых пабораў, праз якія рызыкуюць страціць працу дзясяткі гандляроў.

Галіна Абакунчык, belsat.eu