Замежных грамадзян дэпартуюць з Беларусі праз грамадзянскую пазіцыю

Спадара Вадзіма затрымалі 19 лістапада падчас дваровай імпрэзы. Пасля суда з Акрэсціна яго перавялі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе ён трапіў у адну камеру з кубінцам Рабэрто Вальдэсам Касануэва.

«Калі ён сказаў Рабэрто, то я пазнаў яго па гэтым фотаздымку, які я бачыў», – Вадзім дэманструе чорна-белае фота ў інтэрнэце.

На Акрэсціна Рабэрто адбываў 15 содняў за ўдзел у Маршы народаўладдзя, які прайшоў 8 лістапада. Аднак па сканчэнні адміністратыўнага арышту выйсці на волю ён не спадзяваўся, бо разумеў: яго можа чакаць дэпартацыя на Кубу.

«Мы кажам: «Ну і што, паедзеш на цёплую Кубу, на радзіму». Ён адказвае: «А мяне там за гэта могуць увогуле ў турму на шмат гадоў, і ўвогуле магу там згнісці». Таму што кубінскі урад падтрымаў Лукашэнку, і значыць, Рабэрта выступае супраць кубінскага рэжыму», – узгадвае Вадзім, сукамернік Рабэрто.

Сувязяў з радзімаю кубінец не падтрымлівае. 30 гадоў мужчына жыў у Беларусі: мае тут сям’ю і трох дзяцей, у тым ліку няпоўнагадовага сына.

«Ён нас паважае, беларусаў. Нешта ж яго тут трымае. Ён казаў: «Я ўсё бачыў, прыход Лукашэнкі да ўлады, і разумеў, што гэта будзе, як і ў нас, – дыктатура». І што справы ідуць дрэнна», – кажа мужчына.

Вымушаны быў пакінуць тэрыторыю краіны яшчэ адзін наш герой. Нарадзіўся і вырас Аляксандр у Беларусі, мае тут сталую працу і сямʼю. Аднак пасля затрымання 10 жніўня на акцыі, у якой ён фактычна не браў удзелу, і штрафу паводле артыкулу 23.34, яго выклікалі ў аддзел міграцыі, бо ён грамадзянін іншай краіны. Паразмаўляць з намі Аляксандр пагадзіўся на ўмовах ананімнасці – дзеля бяспекі сваіх родных.

«Супрацоўнікі спачатку самі не ведалі, як гэта будзе. А пасля сказалі, што ўсё сурʼёзна, і вас дэпартуюць у любым выпадку. Уся справа толькі ў часе, маўляў, яны нічога не могуць зрабіць, толькі тэрмін, наколькі дэпартацыя, бо прыйшоў з Менску загад», – распавядае Аляксандр.

Са жніўня да снежня мінулага года ў грамадскую прыёмную праваабарончай арганізацыі «Human Constanta» звярнуліся каля васьмідзесяці замежнікаў. Усе яны атрымалі рашэнне аб выдварэнні з Беларусі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Праваабаронцы мяркуюць, што такіх выпадкаў значна болей.

«Заканадаўства наша не ўтрымлівае такой прамой асновы для выдварэння замежніка, як удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. У нас ёсць артыкул, па якім можна выслаць замежніка за адміністратыўнае правапарушэнне. Але такіх правапарушэнняў павінна быць пяць на працягу каляндарнага года. Пяць і больш», – тлумачыць кіраўніца грамадскай прыёмнай «Human Constanta» для замежнікаў і асобаў без грамадзянства Алена Чаховіч.

Найчасцей аддзелы грамадзянства і міграцыі ў якасці падставы для выдварэння абіраюць шырэйшыя паняткі: пагроза нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку ды іншае. Пры гэтым не працуюць аніякія змякчальныя акалічнасці.

«Апошнія месяцы папросту пагоршылі становішча замежнікаў. Такая практыка даволі частая. У нас велізарная колькасць кейсаў, калі замежнікі пражываюць у Беларусі ці з ранняга дзяцінства, ці працяглы тэрмін – гэта і 10 год, і 20 і 30. У іх усе сувязі наладжаныя толькі з Беларуссю, з краінай грамадзянства іх практычна нічога не звязвае. У дадзеным выпадку АГІМ усё роўна прымае рашэнне аб высылцы», – кажа Алена Чаховіч.

Каб падбадзёрыць свайго замежнага знаёмага, спадар Вадзім дасылае Рабэрто лісты. Толькі адказу ад яго пакуль не атрымаў.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»

Глядзі таксама