«Замест зялёнага газону ў нас будзе чужая стаянка»: гамельчукі спрабуюць спыніць будаўніцтва 11-павярховіка


Ужо на другі сёлета сход выйшлі жыхары пяці дамоў па вуліцы Быхаўскай у Гомлі. Хаваць абурэнне – не магчыма, калі на прыдваравой тэрыторыі разгарнулася будаўнічая пляцоўка.

З паспарту аб’екту жыхары навакольных дамоў даведаліся, што будуюць тут – адзіннаццаціпавярховік. Ён мае паўстаць на месцы зялёнай зоны ў дварах, дзе ўжо высеклі каля 20 дрэваў. Таксама праект прадугледжвае не менш за 44 парковачных месцы, якія гэтаксама забяруць плошчу прыдваравой тэрыторыі.

Жыхары дамоў па вуліцы Быхаўскай:

«Мы хто: людзі ці нелюдзі? Гэта страшна падумаць пра тое, што хтосьці захацеў тут пабудаваць!»

«Загарадзілі, дыван пасушыць або анучу нейкую я не магу. Гэта ж не мой двор! Я з 75-га года!»

«Замест зялёнага газону ў нас будзе стаянка чужая, гэта ўвогуле неймаверна. Чаму інтарэсы гэтых 44 кватэраў будуць перавышаць нашыя інтарэсы?».

Між тым, жыхары навакольных дамоў – гэта каля тысячы чалавек, якія пра ўшчыльненне і не падазравалі. У адміністрацыі Савецкага раёну Гомля на гэта адказалі, што абвестку аб правядзенні грамадскага абмеркавання размяшчалі на сваім сайце і друкавалі ў газетах два гады таму. На той момант нязгодных зваротаў да чыноўнікаў паступіла толькі два. Паводле адмыслоўцаў, інфармавання грамадзянаў не правялі належным чынам, што толькі адное са шматлікіх парушэнняў.

Валер Сляпухін, Грамадская ініцыятыва «Жыві як гаспадар»: «Ушчыльненне дасць дрэнны стан дваравых тэрыторыяў, навакольных дамоў. То бок яна фактычна будзе зліквідаваная. І падчас будаўніцтва будуць парушаныя шумавыя нарматывы. То бок паводле шуму, які там ёсць».

Як адзначаюць мясцовыя жыхары, месцаў для забудовы ў Гомлі – дастаткова. Але нягледзячы на гэта, адміністрацыя раёну пайшла на ўшчыльненне, каб забяспечыць жыхароў будучага элітнага дому лепшаю інфраструктурай – паліклінікамі, школамі і дзіцячымі садамі.

На сёння жыхары дамоў па вуліцы Быхаўская сабралі ўжо каля 300 подпісаў за адмену будаўніцтва, якія накіравалі ў Гомельскі гарвыканкам, Адміністрацыю прэзідэнта і Камітэт дзяржаўнага кантролю.

Юлія Лабанава, «Белсат».