Замест «зайчыкаў» будуць расейскія рублі?


Расея і Беларусь узгаднілі 90% праграмы паглыбленай інтэграцыі – заявіў расейскі міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін пасля перамоваў з беларускім калегам Дзмітрыем Крутым у Маскве. А на наступным тыдні, падчас сустрэчы прэм’ер-міністраў у Менску, высокія чыноўнікі дзвюх краінаў будуць адпрацоўваць дарожную мапу інтэграцыі, дадаў Арэшкін.

Напярэдадні старшыня Цэнтрабанку Расеі пацвердзіла, што ідуць перамовы аб стварэнні адзінай валюты, але без падрабязнасцяў.

«Што да перамоў з Беларуссю, яны сапраўды вядуцца, але на вельмі пачатковай стадыі. Я нагадаю, што ў нас у саюзнай дамове гаворка ішла пра магчымы пераход і да адзінай валюты. Але мы яшчэ на пачатковай стадыі абмеркавання», – заявіла Эльвіра Набіуліна.

Афіцыйны Менск пакуль аніяк не пракаментаваў заявы Набіулінай. А што думае пра адзіную з Масквой валюту беларускае грамадства?

Вось што мяркуюць жыхары і госці Менску:

«Гэта спрасціць нашыя стасункі, у тым ліку і фінансавыя».

«Гэта дадатковыя выдаткі. Гэта трэба будзе вылучыць грошы, а гэтыя грошы выняць з абароту, надрукаваць дадатковыя – навошта?»

«Гэта будзе новы рычаг ціску Расеі на Беларусь – адзіная фінансавая сістэма».

«Гэта будзе азначаць, што дзяржава ў нас будзе адзінай, што мне абсалютна не падабаецца».

«Мы за суверэнітэт. Ніякай сумеснай валюты».

Супраць фінансавага абʼяднання з Расеяй ёсць чыста эканамічныя прычыны.

«Развіццё эканомікі Расеі затармазілася, і Беларусі таксама. І прагнозы не вельмі прыемныя для эканомікі і расейскай, і беларускай. Таму цяжка чакаць устойлівасці валюты», – папярэджвае эканаміст Леанід Злотнікаў.

Але палітыка перадусім. Для ўладаў Расеі далейшая інтэграцыя з Беларуссю азначае адзіную валюту, і гэта мусіць быць расейскі рубель, падкрэслівае палітолаг Валер Карбалевіч. А для беларускага кіраўніцтва такі варыянт абсалютна непрымальны, бо адмова ад нацыянальнай валюты азначае страту значнай часткі незалежнасці.

«Па магчымасці весці самастойную макраэканамічную палітыку Беларусь будзе на ўзроўні расейскай губерніі», – прагназуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Пра перамовы аб пераходзе да адзінай валюты ў межах так званай Саюзнай дзяржавы роўна тыдзень таму падчас форуму ў Санкт-Пецярбурзе заяўляў усё той жа Арэшкін. Расейскі міністр падкрэсліў, што гэта прэзідэнцкі ўзровень абмеркавання. Якраз учора Пуцін і Лукашэнка сустракаліся на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацы ў Бішкеку, але ці размаўлялі яны пра адзіны рубель, грамадзянаў не паінфармавалі. Закрытасць і нават сакрэтнасць замежнапалітычнай дзейнасці ўладаў – прыкмета дыктатуры як у Маскве, так і ў Менску, мяркуе Валер Карбалевіч:

«Лукашэнка ўяўляе сябе, як сярэднявечны феадал, князь. Як ён са сваймі падданымі можа абмяркоўваць пытанні палітыкі?»

Паводле афіцыйных паведамленняў, інтэграцыйных перамоваў кіраўнікі Расеі і Беларусі не праводзілі, была толькі кароткая гутарка пра «цякучку» і дамова яшчэ спаткацца. Затое сустрэчы з іншымі прэзідэнтамі ў Лукашэнкі былі больш доўгімі і змястоўнымі.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu