Замест ялінкі – павук


Калісьці на Каляды ў беларусаў не было ялінкі: паводле дахрысціянскае традыцыі, ролю аздобы, а таксама сімвалу аднаўлення ў беларускіх хатах выконваў саламяны павук.

Абярэг з жытняе саломы нашыя продкі вешалі пад столлю. Сімвалізуе ён стварэнне Сусвету (або сонца). А рабіла яго амаль кожная сям’я штогод напярэдадні Калядаў.

Саломапляценне – адное з самых старажытных рамёстваў. У Беларусі саломаю пакрывалі дахі, яна ішла на подсціл і корм быдлу, абувала ды апранала чалавека, служыла ложкам, у неўраджайныя гады яе падмешвалі ў хлеб, з яе рабілі хатнія рэчы, цацкі ды аздобы.

Не забывацца ды працягваць векавыя традыцыі ўзялася гарадзенская этнапрастора «Цудоўня». Кожны ахвотны мог спрычыніцца да пляцення павука і атрымаць карысныя парады ад майстроў. Да прыкладу, ці ведалі вы, што паклапаціцца пра будучы абярэг варта яшчэ загадзя – ды замачыць салому вадою?

  • «Тады яе можна рэзаць і яна не будзе ламацца. Потым трэба нарэзаць на аднолькавыя фрагменты. Даўжыня – на густ вырабніка, – кажа Надзея Несцяровіч-Вішнеўская з гарадзенскае этнапрасторы. – Часам павукоў упрыгожвалі анёлкамі, зоркамі ды званочкамі – як каму ў галаву прыйдзе».

Дзякуючы менавіта разнастайнасці густаў і адсутнасці стандарту пляцення кожны павук станавіўся непаўторны.

«Лічылася, што ён набірае ў сябе ўсё самае добрае, што ў хаце ёсць і акумулюе ў сабе. Такім чынам ён станавіўся акумулятарам пазітыўнае энергіі, назавем гэта так», – дадае Андрэй Несцяровіч з «Цудоўні».

Мінулагодняга ж павука штогод спальвалі. Гэта атаясамлівалася з перараджэннем, сімвалізавала адыход старога года і надыход новага. Былі ў гэтым і паралелі з жыццём і смерцю. Маўляў, ува ўсяго ёсць пачатак і канец. І не трэба пра гэта забывацца.

Сцяпан Святлоў; фота вокладкі – «Край»