Замест паліклінікі – сем паркінгаў. На грамадскае абмеркаванне аб ушчыльненні не пусцілі людзей


Каля парку Чалюскінцаў ўлады Менску хочуць пабудаваць ажно сем парковак. Ілюстрацыйнае фота – Наталля Фядосенка/ТАСС/Forum

У Менску працягваецца барацьба жыхароў Першамайскага раёну супраць пабудовы ў квартале каля парку Чалюскінцаў ажно сямі паркінгаў. Грамадскасць паведамляе пра шматлікія парушэнні ў праекце, а ўлады праводзяць яго абмеркаванне ў зачыненым рэжыме.

Спроба жыхароў і грамадскіх актывістаў прайсці на паседжанне аб праекце сталічнага ўшчыльнення скончылася канфліктам – людзей не прапусцілі, а журналістку «Свабоды» Іну Студзінскую ўвогуле брутальна выштурхнулі з кабінету.

«Цікава, што за гэтымі зачыненымі дзвярамі робіцца? Яўнае беззаконне. Бо калі б улада дзейнічала адкрыта і празрыста, як гарантавана нам канстытуцыяй, такога б не адбывалася. Грамадскае абмеркаванне – без удзелу грамадзянаў», – кажа старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Рэпартаж Яна Вярбіцкага выйшаў у поўным выданні навінаў 3 мая:

Для справядлівасці трэба адзначыць, што прадстаўніца жыхароў кварталу на паседжанне ўсё ж трапіла. Адна – з трох заяўленых. Яна, разам з адным з працаўнікоў ЖЭСу, і прагаласавала супраць будоўлі паркінгу. Як вынік – два галасы супраць васьмі.

«На паседжанні камісіі праектоўнікі з «Менскграда» прызналі, што там ёсць памылкі: у прыватнасці, там немагчыма згодна з ТКП будаваць паркінг на 360 месцаў, што там ёсць памылкі ў разліках па азелянення, якія з‘яўляюцца істотнымі. Але пры гэтым самі пагадзіліся свой праект прыняць», – распавядае чалец камісіі ад жыхароў кварталу Таццяна Кнацько.

Як да такога праекту ставяцца жыхару раёну, здагадацца не цяжка:

«Самі ведаеце, што такое паркінг. Гэта аўтамабілі, у нас і так вуліцы загружаныя. Выхлапных газаў хапае. Таму, вядома, супраць».

«Я думаю, супраць усяго гэтага – няма інфраструктуры, каб іх тут будаваць».

«Не трэба гэтага шчасця тут. Тут раён нармальны, двор ёсць, дзе дзецям гуляць. А сем парковак – ну куды?»

«Хай на ўскраінах будуюць, горад мусіць туды развівацца, а не тут. Гэта настолькі пагоршыць экалогію!»

«Пытанне экалагічнасці будоўлі насамрэч застаецца для жыхароў кварталу адкрытым – аніякай інфармацыі аб гэтым ім не далі».

«Для такога сур’ёзнага дакументу, як план дэталёвага планавання, неабходнае прадстаўленне экалагічных параметраў, якія звязаныя з забруджваннем паветра і навакольнага асяроддзя, і доступам насельніцтва да азялененых тэрыторыяў. Нам было адмоўлена адміністрацыяй Першамайскага раёну і прадстаўнікамі праектоўніка ў азнаямленні з гэтымі звесткамі», – кажа жыхар кварталу Валер Языкоў.

Адзіная прадстаўніца жыхароў у камісіі Таццяна Кнаценка кажа, што яе адмысловае меркаванне з нагадваннем аб парушэннях далучаць да пратаколу паседжання.

«У сваіх заўвагах і прапановах жыхары кварталу прапаноўвалі пабудаваць паліклініку, якой у нас няма, дзіцячую. І амбулаторыю дарослую. І гэтыя заўвагі ды прапановы былі занесеныя ў пратакол. Таму я спадзяюся, што яны таксама будуць улічаныя», – дадае Таццяна Кнацько.

Паседжанне камісіі цягнулася дзве гадзіны, і адзіная саступка, на якую ўрэшце пагадзіліся прадстаўнікі ўладаў, – напісаць ліст у Міністэрства архітэктуры з просьбай зменшыць нарматыў забеспячэння кварталу машынамесцамі.

Ян Вярбіцкі, «Белсат»