Замест гульняў у вайнушку – канструктар, ці плюшавыя звяры


Фота pxhere.com

З чым лепш гуляцца дзіцёнку – з мяккімі цацкамі, канструктарам або пісталетам ці танкам? І ці ўвогуле можна лічыць адныя забаўкі добрымі, а іншыя дрэннымі? Сёння адзначаецца Сусветны дзень знішчэння ваенных цацак.

Як уплывае на псіхіку дзяцей «гульня ў вайнушку»? І ці сапраўды цацачныя танкі і аўтаматы – крыніца агрэсіі і гвалту ў будучым?У дзень знішчэння ваенных цацак, які адзначаюць у свеце з 88-га года, у розных краінах праходзяць акцыі, калі бацькам і дзецям прапаноўваюць абмяняць цацачную зброю на іншыя забаўкі – канструктары, кубікі ці плюшавых звяроў. Арганізатары перакананыя, што гульні ў вайну ўплываюць на далейшыя паводзіны дзяцей і штурхаюць іх да агрэсіі.

Матэрыял Змітра Міцкевіча глядзіце ў выпуску навінаў

«Хутчэй залежыць агрэсія ад самога выхавання. Ад таго, што мовіцца дома, як сябе паводзіць бацька. Ці ён ходзіць, і як што-небудзь не спадабалася, кожнаму дасць у нос. Вядома, тады і сын будзе навучацца такім паводзінам. І гэта будзе навучаць хлопца – паводзіны таты, а не цацкі», – лічыць Святлана Дзядова, сямейны і дзіцячы псіхолаг.

Ёсць бацькі, якія прынцыпова не знаёмяць сваіх дзяцей з ваеннымі цацкамі. Адзін з іх – праваабаронца і грамадскі актывіст Андрэй Стрыжак, які на ўласныя вочы бачыць наступствы баявых дзеянняў на Данбасе, калі ездзіць туды ў складзе маніторынгавых і гуманітарных місіяў.

«Я разумею, што вайна – гэта абсалютна натуральны стан чалавецтва. З гэтым нічога не паробіш. Але асабіста я для сваіх дзяцей заўсёды распавядаю, што гэта хіба што адно з найгоршых праяўленняў чалавецтва. І нашая задача, як бацькоў, прапагандаваць, каб вайны не было», – кажа Андрэй Стрыжак, грамадскі актывіст..

А як ставяцца да гульняў з ваеннымі цацкамі беларусы, якія ведаюць пра вайну толькі з кніг ці фільмаў?

«Вельмі дрэнна. Ну а што рабіць? У нас унук ужо гуляецца ва ўсю – яму падавай пісталеты, танкі. А што рабіць? Такое жыццё».

«У хлопцаў закладзена праяўляць такую ваяўнічасць, абараняць сваю тэрыторыю і гэтак далей. Таму мне здаецца, што ад гэтага цяжка куды-небудзь дзецца».

«Хлопчыкі хай гуляюць, хай вучацца – яны ж будучыя салдаты.Хлопчыкі ў любым выпадку будуць гуляць. І яны будуць бачыць паўсюль гэта. Тым больш, што ў нас тэма вайны ў любым выпадку так ці інакш усплывае».

У Беларусі ваенныя цацкі часам маюць і непажаданы ідэалагічны характар. Гэтак, у сацыяльных сетках беларусы раз-пораз абураюцца з’яўленнем у нашых крамах расейскіх ваенных цацак з сімволікай арміі суседняй краіны. Напрыклад, ёсць нават набор жаўнерыкаў «ветлівыя людзі» – расейскіх вайскоўцаў, якія акупавалі Крым.

«Калі паглядзець на тое, як мілітарызуецца грамадства нашага ўсходняга суседа, што там нават дзіцячыя вазкі ўжо ў форме Т-34, то гэта нейкая ўсеагульная гістэрыка. Яшчэ трэба дадаць, што чым больш малы дзіцёнак, там больш шансаў яму прышчапіць нешта. Калі ты яму будзеш даваць з дзяцінства аўтаматы, усе гэтыя пілоткі бясконцыя і пісталеты, то хутчэй за ўсё, клаі ён падрасце, то будзе цікавіцца гэтым. І гэтая мілітарызацыя не ідзе на карысць», – кажа Андрэй Стрыжак, грамадскі актывіст.

Аднак, на меркаванне адмыслоўцаў, справа не толькі ў цацках. Дзеці бачаць вайну ў літаратуры, жывапісе, кіно. А найбольш папракаюць за негатыўны ўплыў камп’ютарныя стралялкі.

«Гэтыя кампутарныя гульні правакуюць рэальную агрэсію, калі сапраўды ў дзіцяці ўжо ёсць нейкая вялікая незадаволенасць, якую яно не ведае, як вырашыць. Не мае нейкіх адэкватных спосабаў вырашэння. І калі гульня кладзецца на такую сітуацыю, то яна можа паказаць шляхі выхаду той напружанасці, якая ўнутры сядзіць», – лічыць Святлана Дзядова, сямейны і дзіцячы псіхолаг.

Адпаведна, у любым вЫпадку на першы план выходзіць агульнае выхаванне дзіцяці і своечасовая рэакцыя на ўсе адхіленні ў ягоных паводзінах, без увагі на цацкі, з якімі яно гуляе. Зрэшты, шпурляцца ў людзей можна і кубікамі.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu