Аб'ектыў 20.09.2017 Замест Беларусі. Расейская дзяржава фінансуе канцэпцыю «Русь Заходняя»


Мабыць, Крыму і Данбасу ўжо не дастаткова. На чарзе Беларусь? Прынамсі аргументацыю для пераўтварэння Беларусі ў Паўночна-заходні край або Русь Заходнюю ўжо рыхтуюць.

Напрыклад, тэза пра тое, што савецкі перыяд быў «найвышэйшым этапам у нацыянальным, сацыяльным, культурніцкім і эканамічным развіцці беларускага народу», – галоўная ў кнізе «БССР і Заходняя Беларусь: 1919-ты – 1939-ты». Прэзентацыя гэтага, а таксама двух іншых выданняў пра нібыта праўдзівую гісторыю Беларусі адбылася напярэдадні ў Маскве ў офісе «Інтэрфакса».

Гісторыя дагары нагамі

«На грошы, выдзеленыя ў межах прэзідэнцкага гранту нацыянальным дабрачынным фондам» арыентаваныя на беларускага чытача творы заходнерусістаў падаюцца як альтэрнатыва гісторыі, нібыта навязанай Варшаваю, Вільняю, Вашынгтонам і нават Берлінам. Напрыклад, на думку аднаго з аўтараў, героем Беларусі быў зусім не Кастусь Каліноўскі, а празваны Людаедам і Вешальнікам Міхаіл Мураўёў.

«Гэты чалавек зрабіў велізарны ўнёсак у вызваленне беларускага сялянства, абарону РПЦ на тэрыторыі Беларусі, адукацыю рускага народа, які пражываў на тэрыторыі Беларусі», – цвердзіць палітычны тэхнолаг Аляксей Качаткоў.

Беларуская гісторыя – гэта міф

Трансляцыя антыбеларускіх ці, дакладней, русафільскіх ідэяў каштавала летась падаткаплатнікам Расеі ₽ 2,5 млн. Менавіта столькі атрымаў замоўнік кніг і арганізатар прэзентацыі CIS-EMO з бюджэту на «распрацоўванне гуманітарнай асновы расейска-беларускай інтэграцыі ды супрацьдзеянне фальсіфікацыі гісторыі». Беларускую ж гісторыю заходнерусісты называюць не інакш як міфалогіяй. Прычым русафобскага характару.

«У гэтай міфалогіі зацікаўлены беларускі нацыяналізм. Ён розны бывае. Мы бачым, існуе афіцыйны нацыяналізм рэжыму Лукашэнкі. Ёсць апазіцыйны. Але яны роднасныя па сваёй ідэйнай аснове», – кажа аўтар кнігі Аляксандр Бендзін.

Тэорыя заходнерусістаў сама утрымлівае мноства міфаў

Галоўны з іх – адзінства савецкай улады.

«За 70 гадоў савецкай улады яна як мінімум змянялася раз 5-6. І тая савецкая ўлада, якая была ў Беларусі ў 20-я гады, зусім не тая, што была ў 30-я. І калі ў 20-я была беларусізацыя, то ў 30-я былі Курапаты і татальнае знішчэнне ўсяго беларускага. Таму нельга рабіць савецкую ўладу чымсьці адным. І гэта вялікая памылка ўсіх савецкіх гісторыкаў», – мяркуе Алег Трусаў, кіраўнік Таварыства беларускай мовы.

Дарэчы, менавіта на хвалі настальгіі па СССР у 1994-ым да ўлады ў незалежнай Беларусі прыйшоў Аляксандр Лукашэнка. Але ці бачаць сябе беларусы цяпер у адной дзяржаве з Расеяй?

Аўтары ж тэорыі пра Беларусь як частку Расеі хацелі б пахваліцца паспяховым праектам з назваю «саюзная дзяржава», створаным 20 гадоў таму. Аднак інтэграцыйныя працэсы далей гучных словаў і моцных пацісканняў рукі пакуль не пайшлі.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: Vladimir Smirnov / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары