Аб'ектыў 25.05.2018 Закрэдытаваныя прадпрыемствы не могуць аддаваць пазыкі. Іх сплачвае кожны беларус


Найвялікшая праблема беларускай эканомікі – закрэдытаваныя прадпрыемствы ня могуць аддаваць пазыкі. Пасля доўгай падрыхтоўкі, улады нарэшце абнародавалі ўказ № 200, накіраваны на вырашэнне гэтага пытання. Наколькі сур’ёзныя праблемы назапасіліся ў айчынным рэальным сектары і ці можна цяпер спадзявацца на іх вырашэнне?

Бомба замаруджанага дзеяння. Паводле сітуацыі на 1-га красавіка сёлета, кожны шосты рубель, выдадзены банкамі прадпрыемствам, залічваецца да праблемнай або безнадзейнай запазычанасці.

Адмыслоўцы тлумачаць, гэты пазыковы крызіс, які доўжыцца ўе Беларусі апошнія два гады, адбіваецца непасрэдна на кожным з нас.

«Неплацяжы заўсёды зʼяўляюцца такой эпідэміяй, якая, пачаўшыся аднойчы, распаўсюджваецца на ўсіх. Калі адныя прадпрыемствы ня плацяць іншым, то тыя, у сваю чаргу, ня плацяць сваім контрагентам і, далей, гэта распаўсюджваецца вельмі хутка», – кажа эканаміст Леанід Фрыдкін.

У выніку, прадпрыемствы пазбаўляюцца абаротных сродкаў, ня маюць грошай на інвестыцыі, вымушаныя скарачаць свае штаты і заробкі. Гэтая праблема для Беларусі – ня новая. Але раней кепскія пазыкі прадпрыемстваў і калгасаў пакрываў бюджэт, кампенсуючы банкам нявыплачаныя адсоткі, выдаючы дапамогу непасрэдна прадпрыемствам і банкам. Гэта рабілася за кошт замежных пазыкаў, якія, цяпер, аднак, ужо перавысілі парог бяспекі, усталяваны ўладамі. Аляксандр Лукашэнка сам прызнае, што, нягледзячы на тое, што ў 2017 годзе айчынная эканоміка перастала скарачацца, яе структурныя праблемы працягваюць пагаршацца.

«Дзярждоўг расце хутчэй, чым эканоміка. Пагасілі 2,3 мільярды долараў, а ўзялі амаль тры з паловай. Закрэдытаванасць рэальнага сектара расце», -заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Найвялікшымі чорнымі дзіркамі, якія, паводле ланцуговай рэакцыі, высмоктваюць грошы з астатняй беларускай эканомікі, гэта – перадусім, дзяржаўныя прадпрыемствы, якія, цягам апошніх дзесяці год, прайшлі маштабную мадэрнізацыю, ініцыяваную Аляксандрам Лукашэнкам. Чэмпіён тут – Светлагорскі Цэлюлозны камбінат, які вінен паўтара мільярда рублёў. 230 мільёнаў ён павінен выплаціць сёлета. Другое месца ў лідарстве займае «Еўраторг», які мае больш за мільярд рублёў запазычанасці. За імі ідуць Беларускі металургічны завод, Чыгунка і «Гомсельмаш». У першых дзясятках безнадзейных даўжнікоў, стабільна – цэментныя ды дрэваапрацоўчыя заводы.

Дэкрэт № 200, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў напярэдадні, павінен дапамагчы вырашыць праблему запазычанасці беларускіх прадпрыемстваў трыма шляхамі. Па-першае – дазволіць банкам набываць акцыі даўжнікоў узамен на пазыкі не сплацілі. Па-другое – стварыць рынак перапродажу кепскіх пазыкаў з дысконтам, у тым ліку, тым, хто гатовы ўзяць на сябе кіраванне гэтымі прадпрыемствамі і вывесці іх з крызісу. Некаторым прадпрыемствам пазыкі плануецца проста прабачыць. Бо цяпер, ад цякучай дзейнасці, многія з іх атрымліваюць прыбытак, але ўсе гэтыя прыбыткі, як правіла, разыходзяцца на выплаты па старых даўгах.

«На даўгі ідзе чвэрць выручкі прадпрыемстваў», – канстатуе Леанід Фрыдкін.

Адмыслоўцы адзначаюць – захады прынятыя Аляксандрам Лукашэнкам дапамогуць стабілізаваць фінансы прадпрыемстваў у кароткатэрміновай перспектыве.

«Гэта – нармальныя і эфектыўныя захады, якія добра сябе зарэкамендавалі ў свеце ў краінах з рынкавай эканомікай, але ў нас рынкавай эканомікі няма, і, як мне падаецца, у нас гэтыя захады працаваць проста не будуць», – распавядае старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Але, канстатуюць яны, гэта толькі аблегчыць сімптомы, але ня вырашыць праблему. Гэтак, многія дзяржаўныя прадпрыемствы паказваюць прыбытак па якучай дзейнасці толькі таму, што не запісваюць, у сваёй бухгалтэрыі, паступовы знос абсталявання. Іншымі словамі – не адкладаюць грошы на новую мадэрнізацыю, якую трэба праводзіць няспынна – кожныя некалькі гадоў. І на гэтую мадэрнізацыю ўжо ня будзе ані сродкаў у бюджэце, ані магчымасці пазычыць.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары