Заказнік «Лебядзіны» – падарунак «хакейнаму» сябру Лукашэнкі


Кампанія «Тапас» адкупілася штрафам за парушэнне правілаў пабудовы рэстарана ў шыкоўным месцы, дзе іншым будавацца забаронена – у заказніку «Лебядзіны» каля сталіцы. Рэстаран амаль гатовы, але грамадскія абмеркаванні, без якіх нельга было нават рабіць будаўнічую пляцоўку, толькі-толькі адбыліся. За што такія вольнасці?

Было абароненае месца для звяроў і птушак – будзе элітны рэстаран на 100 месцаў з аглядальнаю пляцоўкай. У заказніку «Лебядзіны» пад Менскам кампанія «Тапас» амаль дабудавала забаўляльны комплекс на 4 гектары. Рэдкае месца жывой прыроды пад пагрозаю знікнення.

«Чым меншая тэрыторыя заказніку – ад яго за апошнія 5 гадоў адрэзалі больш за 10 гектараў – тым меншая разнастайнасць проста фізічна там можа існаваць», – тлумачыць дырэктар ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі.

«Тапас» пачаў будаваць рэстаран мінулай восенню, Менгарвыканкам вылучыў тэрыторыю толькі ўвесну, а грамадскія слуханні ў гэтым пытанні адбыліся толькі ўчора. У Навукова-практычным цэнтры пры Акадэміі навук паведамілі, што для будоўлі зрэжуць агулам 650 дрэваў і хмызнякоў, у «Лебядзіным» вырасце негатыўны ўплыў на дзікую прыроду, каля рэстарану расплодзяцца пацукі ды галубы.

«Заказнік «Лебядзіны» грае важную ролю для захавання мясцовай ландшафтнай, біялагічнай разнастайнасці, для падтрымання экалагічнага балансу тэрыторыі, а таксама для арганізацыі экалагічнай адукацыі і турызму», – паведаміла на слуханнях Ганна Сідаровіч, прадстаўніца Навукова-практычнага цэнтру Акадэміі навук у біярэсурсах.

Але спыняць будоўлю ў заказніку там лічаць немэтазгодным.

«У выпадку выканання патрабаванняў экалагічнага заканадаўства і рэалізацыі ўсіх прапанаваных мерапрыемстваў шкода будзе дапушчальная», – заявіла Ганна Сідаровіч.

У «Ахове птушак Бацькаўшчыны» кажуць пра незаконнае, самавольнае будаўніцтва ды карупцыю. Грамадская арганізацыя накіравала лісты ў Міністэрства прыроды і Генеральную пракуратуру.

«Каб атрымаць дазвол будаўнічай і дзяржаўна-экалагічнай экспертызы, мусіць быць зробленая ацэнка ўздзеяння на навакольны асяродак, праведзеныя грамадскія слуханні, атрымліваецца дазвол і пачынаецца будаўніцтва. А мы ведаем, што аб’ект ужо фактычна скончаны», – абураецца Аляксандр Вінчэўскі.

Межы заказніку для кампаніі «Тапас» снежаньскім указам скараціў асабіста Аляксандр Лукашэнка. Раней побач з «Лебядзіным» «Тапас» пабудаваў комплекс «Алімпік Парк». Гледачы «Белсату» памятаюць пратэст Галіны Ігнатовіч, якая залезла з дзяржаўным сцягам на будаўнічы кран, каб паведаміць пра незаконнае высяленне ейнай сям’і з прыватнага дому. Ігнатовічаў усё ж выселілі, даўшы дробную кампенсацыю.

Распавядалі мы і аб пратэсце прадпрымальнікаў, якіх проста выціснулі з гандлёвага цэнтру «Імпульс» каля плошчы Якуба Коласа. Людзі страцілі сотні тысячаў долараў інвестыцыяў.

«Няхай прэзідэнт можа знойдзе ўправу на кампанію «Тапас», бо яна сябе тут адчувае царом. Таварыш Белы ёй кіруе», – скардзіўся прадпрымальнік Андрэй Курэвіч на пачатку 2018 года.

Павел Белы не толькі кіруе «Тапасам», але і гуляе ў хакей у камандзе Аляксандра Лукашэнкі, дае яму галявыя перадачы. Каманда рэгулярна перамагае ў кубках аматараў, то чаму кампанія Белага не будзе перамагаць падчас забудоваў? Апроч «Алімпік-Парку» «Тапас» пабудаваў жылыя комплексы «Браслаўскі», «Мегаполіс», «Аквамарын» і шмат чаго яшчэ. А рэстаран у заказніку, пабудаваны без дазволу, гэта вішанька на торце.

«Кампанія «Тапас» была прыцягнутая да адміністратыўнай адказнасці за гэтае будаўніцтва. – А колькі быў штраф? – Мы прыцягваліся. – А які быў штраф? – Я не памятаю штрафу», – не змог адказаць на пытанні на грамадскіх слуханнях Руслан Сіроцін, прадстаўнік кампаніі «Тапас».

За шкоду, нанесеную прыродзе ў «Лебядзіным», кампанія Паўла Белага абяцае заплаціць 35 тысячаў рублёў.

Яраслаў Сцешык belsat.eu

Аб’ектыў
У заказніку «Лебядзіны» незаконна будуюць рэстарацыю
2018.11.12 21:39
Аб’ектыў
Улады абвесцілі пра грамадскае абмеркаванне амаль пабудаванага рэстарану ля заказніка Лебядзіны
2019.08.16 21:33