«Зайчык» пакуль трымаецца, але ці варта хвалявацца за рублёвыя ашчаджэнні?


На сённяшніх валютных гандляваннях амерыканскі долар абнавіў гадавы максімум і вырас прыкладна на паўтары капейкі адносна беларускага «зайчыка». Улічваючы імклівае падзенне расейскага рубля, існуе імавернасць, што валюта ўсходніх суседзяў пацягне за сабою і нашую.

Ваганні валютных коштаў – выдатная нагода ўзгадаць, што мы не адныя ў гэтым свеце. ЗША ўводзяць высокія мыты на замежныя алюміній і сталь – 20 і 50 % адпаведна. У выніку на пятнічных гандляваннях турэцкая ліра страціла каля 10 % кошту адносна долара. Адмыслоўцы і не чакалі ад мясцовага Мінфіну цудаў. Фінансавыя інстытуты пры Эрдагане страцілі незалежнасць.

«Узначальвае гэтае міністэрства зяць Эрдагана, то бок там адназначны ўплыў, ніхто не лічыць гэтую інстытуцыю незалежнай. Цэнтральны банк – тое ж самае, нягледзячы на тое, што намінальна гэта незалежная арганізацыя», – кажа адмыслоўца ў нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

Падзенне ліры стала дадатковым, хоць і не вырашальным фактарам ціску на расейскую валюту. Мясцовы рубель б’е адмоўныя рэкорды трохгадовай даўніны кошту адносна долара і еўра, за якія сёння даюць 68 і 78 рублёў адпаведна. І гэта стварае небяспеку ўжо для беларускага «зайчыка».

«За выключэннем нафты, нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў, большасць усяго астатняга экспарту ідзе на расейскі рынак. Калі расейскі рубель таннейшы, а беларускі рубель адносна яго даражэе, то нашая прадукцыя становіцца больш дарагой на расейскім рынку, попыт на яе падае», – кажа старэйшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

Сёння даступнасць беларускай прадукцыі на расейскім рынку хутчэй залежыць ад палітычнай канʼюнктуры, чымся ад эканамічных чыннікаў. Куды больш сурʼёзная палітычная пагроза навісла над Беларуссю ў мінулую пятніцу. Агенцтва «Ройтэрз», спасылаючыся на дзяржаўныя дакументы, што трапілі ім у рукі, заявіла, то Масква ў хуткім часе перастане пералічваць у беларускі бюджэт мыты за рээкспарт расейскай нафты.

«Нам патрэбны камфортны кошт на нафту, газ, нам патрэбная магчымасць гэтак званага перамыту нафты, якую нам дазваляе Расея, і апошнім часам актывізаваліся размовы пра тое, што гэтага больш не будзе праз праблемы з расейскім бюджэтам», – кажа старэйшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

Пакуль што наўпрост гэта на бюджэт Беларусі і беларусаў не паўплывае. Традыцыйна ўважлівыя да зменаў на валютным рынку грамадзяне пакуль спакойныя.

Жыхары Менску:

«Я не ведаю, як робяць іншыя, але я, мая сямʼя, мае сваякі проста не маем грошай, каб мяняць валюту. Мы так мала зарабляем, што жывем толькі на тое, што атрымліваем».

«Не панікаваць, таму што калі панікуеш, адбываюцца праблемы – трэба стрымана».

«Я думаю, што ў нас вельмі добры прэзідэнт, таму не трэба нікуды бегчы, жывіце спакойна, рыхтуйцеся да школы».

Вось і адмыслоўцы раяць не звяртаць увагі на кароткатэрміновую канʼюнктуру. Гэтак, паход за доларам у сярэдзіне мінулага тыдня мог, паводле сённяшняга кошту валюты, акупіцца на два з паловаю адсоткі. Сума не вартая турботаў, супакойваюць адмыслоўцы.

УШ belsat.eu