Захраслі ў ліфце. Лукашэнка раззлаваў расейскіх чыноўнікаў


Адна з краінаў тармозіць парадак дня ЕАЭС, і гэты парадак нібы захрас у ліфце! Гэтак сказаў расейскі міністр пасля сустрэчы Міжурадавага савету краінаў супольнасці ў Алматы. У сваю чаргу расейскі прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў ізноў узняў пытанне санкцыйных тавараў, якія трапляюць у Расею праз нашую краіну. Ці можна казаць пра новы віток ціску Крамля на Беларусь?

ЕАЭС не развіваецца, парадак дня не рэалізоўваецца. І ўсё – праз адну краіну, кажа міністр эканамічнага развіцця Расеі Максім Арэшкін. Цікава, што ж гэта за краіна? Палітолаг Валер Карбалевіч не мае сумневу:

«Відавочна, што гаворка ідзе пра Беларусь. Таму што якраз у двухбаковых расейска-беларускіх адносінах – вялікая напруга, і таму можна зразумець тактыку афіцыйнага Менску».

Якая, паводле палітолага, палягае на шантажаванні Расеі, каб тая ўсё ж саступіла ў пытанні кампенсацыі нафтавага манеўру. Але і Масква мае, чым шантажаваць Менск, і гэта не толькі крэдыты.

«Уздымалася пытанне паставак санкцыйных тавараў праз шэрыя каналы, праз тэрыторыю Беларусі на расейскі рынак. Прэм’ер-міністр Беларусі паставіў пад сумнеў, што такое адбываецца. У адказ на гэта Дзмітрый Анатольевіч [Мядзведзеў] падаў матэрыялы беларускаму боку з канкрэтным указаннем тавару, кампаніі, якая ў гэтым задзеяная», – заявіў міністр эканамічнага развіцця Расеі Максім Арэшкін.

На думку адмыслоўцаў, Масква даўно ведае пра кантрабанду заходніх харчоў праз Беларусь і заплюшчвае вочы, разглядаючы сітуацыю як пэўную субсідыю для Лукашэнкі. Ранейшыя канфлікты кіраўнікоў Беларусі ды Расеі канчаліся выйграванкаю апошняй, адзначае Станіслаў Івашкевіч. Найбольш яскравы прыклад – з 2011 года:

«Расея дала часовую адтэрміноўку павелічэнняў коштаў на газ узамен на продаж «Белтрансгазу», каторы назаўсёды. Гэтак жа і цяпер, верагодна, Крэмль будзе патрабаваць пэўных пастаянных саступак у інтэграцыі, узамен на нейкія часовыя паблажкі на год, на два».

Ёсць меркаванне, што далей Лукашэнка здаваць суверэнітэту не будзе, нават дзеля кампенсацыі мільярдных стратаў ад расейскай мыты на нафту.

«Няўжо камусьці ў Расеі Украіны не хапае? Няўжо трэба стварыць праблему на роўным месцы?», – казаў Аляксандр Лукашэнка 18 студзеня.

Усё ж такі абмежаванне суверэнітэту – гэта і абмежаванне ягонай асабістай улады.

«Напрыклад, пераход на адзіную валюту – расейскі рубель. Адмаўляцца ад сваіх грошай – гэта велізарны кавалак. Я не думаю, што гэтыя перамовы наконт паглыблення інтэграцыі закончацца нечым уцямным», – мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Тым не менш, Саюзная дзяржава, пра якую нядаўна зноў уголас загаварылі ў Крамлі, будуецца ўсе апошнія гады, прынамсі, у вайсковым аспекце. Афіцыйны Менск падпісаў з Масквой шэраг пагадненняў, не заўважных на першы погляд, такіх, як аб адзінай сістэме супрацьпаветранай абароны, аб адзінай групоўцы Саюзнай дзяржавы, аб навучанні беларускіх афіцэраў у расейскіх вайсковых ВНУ.

Ужо неўзабаве Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін маюць ізноў сустрэцца ў пытаннях узаемнай інтэграцыі. Але канкрэтная дата – невядомая. Як і поўны змест папярэдніх дзвюх сустрэчаў, у снежні.

Вітаўт Сіўчык/«Белсат»; фота – Мікалай Пятроў/БелТА/ТАСС/Forum