Захад адварочваецца ад Лукашэнкі, але дыялог не спыняе


У Балта-Чарнаморскі звяз Беларусь пакуль не бяруць

Адбылася сустрэча кіраўнікоў парламентаў трох краінаў – Украіны, Польшчы ды Літвы. Размаўлялі, сярод іншага, пра Балтыйска-Чарнаморскі звяз, у якім тэарэтычна магла б узяць удзел і Беларусь. Аднак тыя праблемы, з якімі сутыкнулася нашая краіна, у тым ліку ўнутрыпалітычная сітуацыя, наўрад ці паспрыяе хуткаму зʼяўленню дэлегацыі афіцыйнага Менску ў Сенаце Польшчы, дзе і праходзіла сённяшняе паседжанне.

Па выніках спаткання Міжпарламенцкай асамблеі падпісаныя шэраг дэкларацыяў, у тым ліку ў галіне эканамічнай і палітычнай супрацы, а таксама ў пытаннях бяспекі. І як цвердзяць самыя ж прадстаўнікі трох краінаў Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёну, удзел Беларусі ў паседжанні быў бы лагічны і да месца, калі б не захады Лукашэнкі: замест рэальнае супрацы – пустыя абяцанні, а замест дыялогу з уласным народам – рэпрэсіі.

«Гэтае спатканне мусіла быць адкрыццём нашых трох краінаў – Літвы, Польшчы ды Украіны – для Беларусі. Але ў сваёй дэкларацыі мы напісалі пра тое, што адбываецца ў Беларусі, пра парушэнне правоў і свабодаў. І выказваем рашучы пратэст такой практыцы. Заклікаем улады Беларусі неадкладна вызваліць усіх затрыманых», – заявіў старшыня Сенату Польшчы Станіслаў Карчэўскі.

Вызваліць тых, хто ўжо арыштаваны, і не дапусціць новых затрыманняў

Менавіта так гучыць галоўная ўмова працягу дыялогу з афіцыйным Менскам. Шанцы на які яшчэ застаюцца.

«Пакуль будуць затрыманыя, дыялог мусіць быць спынены. Але калі затрыманых вызваляць, мы мусім працягнуць дыялог, бо і з пункту гледзішча інтарэсаў Польшчы, і ўсяго Еўразвязу важна камунікаваць паміж сабою», – выказаўся Богдан Барусэвіч, польскі сенатар з партыі Грамадзянская Платформа.

«На сустрэчы мы пастанавілі, што супольна – Літва, Польшча ды Украіна – будзем прыкладаць усе намаганні, каб такія рэпрэсіі не паўтараліся ў Беларусі», – дадала Малгажата Капічка, польская сенаткарка з кіруючай партыі «Закон і справядлівасць».

Украінцы дапамогуць знайсці баланс?

У сваю чаргу прадстаўніца ўкраінскае дэлегацыі, старшыня Камітэту міжнародных справаў Вярхоўнае Рады Ганна Гапко звяртае ўвагу на дылему, якая паўстае перад краінамі Балтыйска-Чарнаморскага рэгіёну. Маўляў, варта знайсці баланс: з аднаго боку – спрыяць дэмакратызацыі Беларусі, з другога – зменшыць уплыў Расеі на афіцыйны Менск, у тым ліку дзякуючы ўдзелу Беларусі ў інтэграцыйных праектах з дэмакратычнымі краінамі.

«Вельмі важна праявіць салідарнасць з беларускім народам. Абараніць права кожнага на мірныя сходы. І ў той жа час падтрымаць Беларусь як дзяржаву, каб не дапусціць узмацнення ўплыву Расеі на працэсы ўнутры краіны», – патлумачыла спадарыня Гапко.

Няма свабоды – няма грошай

Паводле прысутных дэпутатаў Польшчы, Літвы ды Украіны, хваля рэпрэсіяў у Беларусі можа перашкодзіць не толькі палітычным кантактам, але і развіццю бізнес-супрацы. А гэтая мова – мова грошай і стратаў для эканомікі – можа быць больш зразумелая Лукашэнку і ягоным міністрам.

Юрый Салодкі, «Белсат»