Захад-2017: афіцыйная мэта – абарона, але адпрацоўваюць атакі


Калі казаць не вайсковаю канцыляршчынай, а зразумелаю мовай, задача вучэнняў «Захад-2017» – зрабіць войскі Беларусі яшчэ бліжэйшымі да войскаў Расеі, апрабаваць новыя дакументы ваенных уставаў і спраўдзіць новую баявую тэхніку разам з мадэрнізаванаю старой. І, вядома, зрабіць «паказуху». Напярэдадні пачаўся другі этап гэтых маштабных вучэнняў, паводле легенды – антытэрарыстычных.

«Падчас другога этапу будуць адпрацаваныя пытанні кіравання войскамі і сіламі падчас вядзення баявых дзеянняў адбівання агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы«, – паведаміў Уладзімір Макараў, прэс-сакратар Мінабароны Беларусі.

Паводле легенды манеўраў, у Беларусь і Калінінградскую вобласць прабраліся незаконныя ўзброеныя фармаванні, ці то партызаны, ці то тэрарысты. Але расейская авіяцыя чамусьці бамбіць на беларускіх палігонах не толькі калоны аўтамабіляў, але і масты, радары ды аэрадромы. Надта ўжо моцныя банды напалі з Вейшнорыі. Дарэчы, апранутыя вейшнорцы ў камуфляж «мульцікам», якім карыстаюцца брытанцы, ЗША і ўкраінскія добраахвотнікі на Данбасе.

У Балтыйскім моры расейскі флот таксама супрацьстаіць рэгулярнаму флоту, абстрэльваючы – паводле легенды – буйныя баявыя караблі.

З адмысловых пляцовак за паказальнымі выступамі беларускіх і расейскіх вайскоўцаў здалёк сочаць назіральнікі ды прэса. Як «Белсат» даведаўся з неафіцыйных крыніцаў, Мінабароны Беларусі паставіла замежных журналістаў у значна больш нязручныя ўмовы, чым расейцаў і беларусаў.

Гэта толькі малая частка вучэнняў

Афіцыйна ў «Захадзе-2017» удзельнічаюць да 12-ці тысячаў сямісот вайскоўцаў з Беларусі і Расеі. Аднак у міністэрствах абароны краінаў НАТО кажуць аб непразрыстасці манеўраў і ста тысячах іх расейскіх удзельнікаў. Сёння прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце праінфармавала аб пагрозе «Захаду-2017» непасрэдна генеральнага сакратара ААН.

«Аб агрэсіўным і наступальным характары вучэнняў «Захад» сведчаць мадэляванне рэальнага канфлікту з краінамі-чальцамі НАТО, хаванне звестак аб маштабе і сцэнарыі вучэнняў, дыслакацыя вайскоўцаў і тактычнага ўзбраення, неканвенцыйныя дзеянні. Сканцэнтраваная ў Калінінградскай вобласці ядравая зброя, артылерыя і ракеты здольныя дасягнуць нават Лісабона», – з трывогаю зазначыла прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце.

Паслязаўтра ў вучэннях возьме ўдзел Аляксандр Лукашэнка

Ён жа запрасіў на беларускую частку манеўраў Уладзіміра Пуціна. Аднак прэзідэнт Расеі застаўся ўдома і назіраў толькі за вучэннямі ў Ленінградскай вобласці.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Vitaly Nevar / TASS / Forum