Аб'ектыў 20.02.2017 Маньяк з бензапілой шкадуе, што забіў мала людзей


Сёння ў Менскім гарадскім судзе пачаўся працэс над маладзёнам, які летась у кастрычніку напаў з бензапілой на людзей у гандлёвым цэнтры «Новая Еўропа». Яго абвінавачваюць у забойстве супрацоўніцы цэнтру, а таксама нанясенні раненняў яшчэ дзвюм жанчынам.

Нападніку пагражае да 12 гадоў зняволення

На лаве падсудных – былы студэнт міжнароднага ўніверсітэту МІТСО, васямнаццацігадовы Уладзіслаў Казакевіч. Папярэдне экспертыза прызнала, што падчас злачынства ён усведамляў, што робіць. Патлумачыць жа свайго ўчынку абвінавачаны не змог. Прызнаўся толькі, што яго цікавіць тэрарызм ды ў перспектыве ён хацеў ажыццявіць буйны тэракт з забойствам кітайцаў і мусульманаў. У здзейсненым хлопец не раскайваецца.

«Спрабуюць выцягнуць падонка. Разумееце, словаў няма, я цяпер паглядзеў яму ў вочы, ніякага шкадавання, погляд зверскі, маўляў, а мне ўсе роўна. Што тут можна казаць?», – кажа муж загінулай Аляксандр Александронец.

Хацеў забіць аднагрупнікаў, але не атрымалася

Першапачаткова зладзіць напад Уладзіслаў планаваў ва ўніверсітэце МІТСО, дзе вучыўся, аднак піла не завялася. На наступны дзень маладзён прыйшоў у гандлёвы цэнтр «Новая Еўропа» з мэтаю забіць як мага больш людзей ды ўзяць закладніка. Аднак зрэалізаваць план да канца не атрымалася. Што змусіла хлопца да агрэсіі, пацярпелым ды іхным сваякам не зразумела.

Сваякі загінулай 43-гадовай прадавачкі Алёны Александронец патрабуюць скампенсаваць матэрыяльную і маральную шкоду, як і пацярпелая Аксана Вітвер. Агульная сума кампенсацыі – каля $ 140 тыс. Стан здароўя Аксаны дагэтуль складаны: чацвёрты месяц яна – на бальнічным, дактары не даюць гарантыяў, што траўмаваная рука адновіцца.

Суд абвесціў перапынак да заўтра. Казакевічу пагражае ад шасці да 12 гадоў пазбаўлення волі. Расстраляць ці асудзіць да пажыццёвага зняволення яго не могуць: на момант здзяйснення нападу маладзён быў няпоўнагадовы.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: naviny.by

Глядзі таксама
Каментары