Забойства пры затрыманні


У амерыканскім Мінэапалісе другі дзень запар працягваюцца масавыя пратэсты і закалоты. Усё распачалося пасля празмерна жорсткага затрымання паліцыяй, афраамерыканца Джорджа Флойда, які загінуў у выніку дзеянняў прадстаўнікоў закону. А ўжо на другі дзень пратэстаў падчас страляніны таксама загінуў адзін з актывістаў па якім стаў страляць уладальнік ламбарда. Пра надзвычай адчувальную для грамадзянаў ЗША праблему паліцэйскага гвалту ў адносінах да «каляровага насельніцтва» – у матэрыяле.

Слезацечны газ, паліцэйскія кардоны, конніца і выбухі шумавых гранатаў. У ноч на сераду разʼюшаныя дэманстранты з амерыканскага Мінэапалісу працягвалі сутычкі з паліцыяй.

«У нас зафіксаваныя некалькі пажараў, была вялікая колькасць рабаванняў, агулам шырокае грамадзянскае непадпарадкаванне. І гэта прыкра, калі людзі сапраўды хацелі ўшанаваць памяць загінулага». – распавядае Джон Элдэр з дэпартаменту паліцыі мінэапалісу.

Прычынаю масавых пратэстаў зрабілася відэа, як 25-га траўня затрымліваюць 46-цігадовага Джорджа Флойда. Некалькі хвілінаў паліцыянт цісне каленам на ягонае горла – чуваць, як Джордж кажа, што не можа дыхаць, і просіць не забіваць яго, пасля траціць прытомнасць і яго ўвозяць медыкі. У выніку ён памірае ў шпіталі. Паводле паліцыі, Джорджа, які працаваў ахоўнікам, падазравалі ў фальшаванні рахунку на 20 долараў.

«Ён, безумоўна, адзін з самых духоўных людзей, якіх я калі-небудзь сустракала». – кажа нявеста забітага Кортні Рос.

ФБР адразу распачало следства, аднак рэакцыя ўладаў не задаволіла грамадскасці: 26 траўня тысячы абураных грамадзянаў выйшлі на вуліцы гораду. Паводле іх, паліцыянты перавысілі свае паўнамоцтвы і забілі чалавека на глебе расізму.

«Я публічна кажу: тое, што я назіраў, дзеянні тых былых чатырох паліцыянтаў ніякім чынам не адлюстроўваюць каштоўнасці, бачання і культуры, якую я хачу распаўсюджваць у Мінэапалісе», – зазначае кіраўнік паліцыі штату Мэдарыя Арадонда.

Імёны двух з чатырох былых праваахоўнікаў, якія затрымлівалі Флойда, ужо названыя. Цяпер ім пагражае турэмны тэрмін за парушэнне пратаколу пры арышце і прычыненне смерці.

«На мой загад FBI і Міністэрства юстыцыі ўжо расследуюць факт сумнай ды трагічнай смерці Джорджа Флойда ў Мінэсоце. Я вельмі высока ацэньваю працу, праведзеную мясцовымі праваахоўнымі органамі. Я шчыра спачуваю сямʼі і сябрам Джорджа. Правасуддзе здзейсніцца», – напісаў у сваім twitter Доналд Трамп, прэзідэнт ЗША.

Гэта далёка не першы выпадак забойства афраамерыканца пры затрыманні. Пры аналагічных абставінах у 2014 годзе падчас арышту ў Нью-Ёрку быў да смерці задушаны Эрык Гарнэр. А ўлетку таго ж года паліцыянт застрэліў 18-цігадовага Майкла Браўна ў горадзе Фэргусан, у выніку праваахоўніка апраўдалі, а ўлады штату былі змушаныя ўвесці Нацыянальную гвардыю і каменданцкі час праз масавыя закалоты не задаволеных прысудам грамадзянаў.

Кірыл Смяглікаў, «Белсат»