Аб'ектыў 21.10.2018 Забівалі за тое, што габрэі – гадавіна ліквідацыі гета ў Менску


Без віны вінаватыя і расстраляныя. 75 гадоў таму нацысты зліквідавалі Менскае гета. Месца, поўнае крыку і болю, дзе забілі нават больш за сто тысячаў габрэяў. А сёння – месца непамернага смутку і памяці, куды прыйшлі нашчадкі з кветкамі ды знічамі, а таксама і зусім малая колькасць тых, хто перамог смерць.

«Гета было 820 дзён. І ўсе гэтыя 820 дзён людзі пражылі гэтак сама, як у камеры смяротнікаў: то бок кожны дзень, кожную ноч яны чакалі, што іх заб’юць», – узгадвае выжыўшы ў Менскім гета Барыс Млынскі.

Сам ён цудам выжыў, цяпер жыве ў Ізраілі, а ў Менск прыехаў на ўрачыстасці памяці.

«Тэрыторыя меншая за два квадратныя кіламетры, мы з вамі вось тут», – акрэслівае памеры гета гісторык Аляксандр Далгоўскі.

Менскае гета існавала з 20 ліпеня 1941 года да 21 кастрычніка 1943. Тут былі мясцовыя і прывезеныя габрэі з Еўропы.

«Паводле розных ацэнак, знішчылі ад 80 да 100 тысячаў чалавек, выжылі сотні, магчыма, некалькі тысячаў – у асноўным дзеці, маладыя людзі, якія маглі выжыць у вёсках паблізу, у найбліжэйшых партызанскіх атрадах», – працягвае Аляксандр Далгоўскі.

Мемарыял «Яма» у сталіцы на вуліцы Мельнікайтэ. Тут расстралялі каля пяці тысячаў габрэяў. Рух салідарнасці «Разам» зарганізаваў урачыстасць памяці.

«Мы сёння тут, таму мы будзем казаць пра мір, пра тое, каб ніколі больш такія ахвяры ў гісторыі чалавецтва не паўтараліся», – кажа Алена Талстая з Руху салідарнасці «Разам».

Мемарыял «Яма» – сімвалічныя прыступкі апошніх крокаў ахвяраў нацызму. Помнік, які ўражвае і пра які мала ведаюць.

«Гэта абавязкова трэба ведаць. Трэба ведаць. Мы з жонкаю ішлі, мяне ўразіла, што ніводнага знака няма, дзе гэта размяшчаецца «Яма», – адзначае жыхар сталіцы Святаслаў Галецкі.

Іншая жыхарка Менску, Галіна Цярэнцьева, кажа:

«Трэба захоўваць памяць, каб новае пакаленне расло не бяспамятнае, каб людзі сябравалі паміж сабой, каб шанавалі жыццё».

І каб ніколі не паўтарыліся ўспаміны тых, хто выйшаў з Менскага ці іншых гета, якіх было 1150 на акупаваных тэрыторыях.

«У гета ўвайшло шмат немцаў: можа быць, чалавек сто, узброеных аўтаматамі, і яны проста выштурхоўвалі людзей з дамоў і наўпрост у дамах расстрэльвалі гэтых людзей. Каго маглі, яны кідалі ў машыны і машыны вывозілі, як потым казалі, ці то ў Тучынку, ці яшчэ кудысь, і там іх знішчалі», – працягвае Барыс Млынскі.

Знішчалі – толькі таму, што яны былі габрэі.

Сяргей Падсасонны, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары