Забітыя ў мірны час


Смерць ад кулі – у мірнай Беларусі. Сваякі, блізкія, сябры ды проста ўзрушаныя гэтай трагедыяй людзі прыехалі ў Жабінку, каб развітацца з Генадзем Шутавым, які 11 жніўня выйшаў на мірны пратэст у Берасці. І больш дадому не вярнуўся.

«Гэта надзвычай добры чалавек. Колькі я яго ведаю – гадоў 15. У ім ніколі не было агрэсіі. Заўсёды прыйдзе на дапамогу. Заўсёды дапаможа. Душа кампаніі. Самі бачыце, колькі людзей. І далёка не ўсе змаглі прыехаць. На жаль», – кажа Андрэй, сябар Генадзя, хросны бацька ягонага сына.

Паводле Следчага камітэту, 44-гадовага Генадзя Шутава «ненаўмысна паранілі ў галаву са зброі пры нападзе на асобаў, якія выконвалі задачы аховы грамадскага парадку». Сябры з мотаклубу, якія прыехалі на пахаванне, у гэтую версію не вераць.

«Я хачу, каб следчыя органы рэальную праўду, а не намагаліся папярэднюю версію распавесці», -кажа байкер Зміцер.

«Гэта абуральны выпадак, каб у мірны час паміралі нашыя сябры, якія ні ў чым не вінаватыя, я лічу. Яны проста апынуліся ў тым месцы… Каб гэты чалавек мог пакрыўдзіць некага ці кінуцца на некага – выключаю такую версію», – сцвярджае байкер Яўген.

Не вераць і людзі, не знаёмыя з забітым, якія пераадолелі шмат кіламетраў, каб развітацца з тым, хто бараніў правы беларусаў.

«Пахаванне чалавека, якога застрэлілі з табельнай зброі. Мы даўно назіраем за гэтым здзекам з роднымі: Следчы камітэт доўгі час не аддаваў цела», – кажа Мікола Папека, які прыехаў на пахаванне з Пружанаў.

Не вераць і блізкія Генадзю людзі.

«Вельмі добры чалавек быў. Я ніколі не паверу, што ён мог такое здзейсніць – палезці на праваахоўныя органы. Такі чалавек быў, які заўсёды ўсім дапамагаў, любіў усіх, асабліва сямʼю, дзяцей», – кажа Наталля, кума Генадзя Шутава.

Без бацькі засталіся пяцёра дзяцей, у тым ліку няпоўнагадовыя. Ні сілавікі, якія стрэлілі ў патыліцу чалавека, ні ўлады не выказалі намеру падтрымаць сямʼю забітага. Гэта зробяць простыя беларусы.

«Канечне, будзе падтрымка ад людзей», – упэўненая Наталля.

Генадзь Шутаў – афіцыйна прызнаная трэцяя ахвяра паслявыбарчых пратэстаў. Былі і іншыя смерці. На гэтых кадрах з бел-чырвона-белым сцягам насупраць міліцыі – 28-гадовы Мікіта Крыўцоў. Ён быў на пратэсце ў Маладзечне 12 жніўня, пасля чаго знік, ягонае цела знайшлі праз 10 дзён. Паводле следчых, ён павесіўся. Для Следчага камітэту гэта настолькі відавочна, што яны не будуць праводзіць апазнаванне цела, бацьку паказалі толькі фотаздымкі цела Мікіты.

«Яны хаваюць свае злачынствы, натуральна, і таму не дапускаюць родных да цела. На дадзены момант яшчэ не вядома, але і ўчора і сёння ў іх – розныя версіі. Учора маці і жонку вазілі з РАУСу ў РАУС і агучвалі розныя адгаворкі. Маўляў, у адным РАУСе кампʼютары не працуюць. Лухта», – распавёў «Белсату» Павел, брат загінулага Мікіты Крыўцова.

Сваякі перакананыя, што Мікіту затрымалі падчас пратэсту, моцна збілі, і ён памер ад гэтага, а самагубства – інсцэнізацыя:

«Гэта так і ёсць, бо на ягоным целе, як казаў бацька Мікіты, жывога месца не было», – дзеліцца брат Мікіты.

Пры гэтым крымінальную справу заводзіць адмовіліся, што яшчэ больш падрывае давер да афіцыйнай версіі.

«Безумоўна, трэба было б праводзіць усе тыя следчыя дзеянні, якія ліквідавалі б усе сумневы ў характары смерці, што асабліва важна на фоне таго, што адбыліся жорсткія сілавыя разгоны масавых пратэстаў і былі нанесеныя раненні», – кажа Павел Сапелка, юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна».

З 9 да 14 жніўня было затрымалі каля сямі тысяч мірных пратэстоўцаў, людзі апынуліся ў следчых ізалятарах, шпіталях і… моргах.

Вольга Старасціна, «Белсат»