За журналістыку – крыміналка


Карэспандэнтку «Белсату» Дар‘ю Чульцову не выпусцілі пасля 7 содняў арышту, а гэта яўны сігнал пра завядзенне супраць яе крымінальнай справы. Дар’ю, як і іншую нашую журналістку Кацярыну Андрэеву, перавезлі ў Жодзінскі следчы ізалятар. Цяпер пад крымінальным пераследам 9 журналістаў. Хто ж вырашае, каму сядзець гады, каму тыдні, а каму – пакуль што толькі штраф.

На волю пасля 15 содняў выйшаў журналіст фрылансер з Магілёва Аляксандр Сідарэўскі, які супрацоўнічае з «Белсатам». За краты яму перадалі і патрэбны сцяг, і адпаведныя кнігі.

«Мне перадалі раман Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя». 36 Я забываў, дзе я знаходжуся. Толькі вартаўнік, які перагортваў «вочка» у дзвярах, вяртаў мяне ў гэтую камеру», – сказаў журналіст фрылансер.

У камеру турэмную трапіў за здымку на відэакамеру.

«Быў у камізэльцы ПРЭСА, здымаў на відэакамеру, дэманструючы гэта атачэнню, тым самым выказваў нязгоду з вынікамі выбараў», – напісалі ў пратаколе.

Сёння журналіст зноў у судзе – за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ, а на 25 лістапада мае чарговы пазоў у РАУС… Так сістэма абыходзіцца з усімі незалежнымі медыямі. У прыклад – журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева. На пачатку восені яе штрафавалі і давалі содні, Кацярына казала:

«Гэта было такое прыцэльнае, мэтанакіраванае выхопліванне журналіста з групы людзей, каб спыніць стрым. Я гэта расцэньваю, як перашкоду маёй прафесійнай дзейнасці».

Затрымалі пад час жывога эфіру і гэтым разам – у нядзелю 15 лістапада. Неўзабаве завялі крымінальную справу – артыкул «Арганізацыя і падрыхтоўванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Разам з Кацярынаю затрымалі аператарку Дар’ю Чульцову. Гэта першая справа журналісткі і, падобна, таксама крымінальная. Яе адвакату забаранілі казаць пра артыкул і прававы статус.

«Умовы сапраўды складаныя і цяпер кожны выхад прафесійнага журналіста з тэхнікай пагражае затрыманнем журналіста, знішчэннем гэтай тэхнікі ці яе канфіскацыяй», – лічыць намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

У Беларускай асацыяцыі журналістаў падлічылі – супраць 9 калегаў дзяржава вядзе крымінальны пераслед. Журналіста расследавальніка Сяргея Сацука – арыштавалі па справе аб атрыманні хабару. Рэшту – за асвятленне пратэстаў.

23-га лістапада паводле адміністрацыйных справаў содні адбываюць яшчэ 14 журналістаў. Вячаслаў Лазараў з Віцебску – адзін з нямногіх, чыю справу закрылі:

«Часцей за ўсё суддзі прымаюць рашэнні, кіруючыся ўказаннямі зверху. Але здараюцца выпадкі, часамі, калі суддзі ўнікаюць у справу».

Пад час эпідэміі – ізалятары – не найлепшае месца побыту. Слабейшая гігіена і адсутнасць чыстага паветра… робяць сваё. У журналіста «Белсату» Арцёма Лявы пасля вяртання з содняў у Баранавічах пацвердзілі Ковід-19:

«Мы ў такой паўпадвальнай камеры былі, было халаднавата. У краіне толькі халодная вада, таму не магчыма нармальна памыцца. Вельмі шмат людзей захварэлі. Былі спадзевы, што гэта толькі прастуда, але сімптом страта нюху – кажа сам за сябе», – пракаментаваў ён пасля выйсця з калоніі.

Дзякуючы выканаўцам дзяржзагаду Арцём адбудзе яшчэ 14 содняў дома, і прынамсі па 10 содняў калегі, якія сустракалі яго з ІЧУ.

Юлія Цяльпук, «Белсат»