За здымак кветак каля МУС фатограф правёў ноч на Акрэсціна


Сёння ў Менску судзілі траіх студэнтаў тэатральнай лабараторыі Fortinbras, якія напярэдадні перад будынкам МУС усталявалі «вясёлую клумбу» ды намалявалі рознакаляровы ланцужок слядоў. Таксама за нібыта супраціў міліцыі судзілі журналіста БелаПАН.

«Ну, якое тут можа быць стаўленне? Якія ўражанні ад таго, што ў краіне за любое праяўленне твайго меркавання цябе могуць забраць, прыпісаць нейкія неверагодныя правапарушэнні – быццам бы ты там супраціўляўся, махаў рукамі», – кажа экалагічная журналістка і актывістка Крысціна Чарняўская.

Разам з удзельнікамі перформансу затрымалі і пазаштатнага карэспандэнта БелаПАН, які фатаграфаваў акцыю. Ноч ён правёў у ізалятары на Акрэсціна, а прычыну свайго затрымання даведаўся толькі праз шэсць гадзінаў, праведзеных у РУУСе.

«Інкрымінуюць непадпарадкаванне міліцыі – быццам бы мы падчас таго як знаходзіліся ў Маскоўскім РУУСе, супраціўляліся, перашкаджалі дзейнасці міліцыі», – распавядае пазаштатны карэспадэнт БелаПАН Андрэй Шаўлюга.

Юрыст праваабарончай арганізацыі «Human Constanta» Андрэй Сушко кажа, што чыноўнікаў зразумець можна.

«Яны выраслі, яны былі выхаваныя ў гэткай матрыцы, калі гэта чорнае, а гэта белае. Усё, што мы можам рабіць – гэта з дапамогай усіх даступных нам сродкаў займацца асветай, дыялогам», – кажа Сушко.

У траўні Мінстэрства ўнутраных справаў даволі рэзка адрэагавала на з’яўленне вясёлкавага сцяга над амбасадаю Вялікай Брытаніі ў Менску. Прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці на старонцы МУС назвалі «падробкаю, што абясцэньвае ісціну». Пазіцыю ведамства неўзабаве пацвердзіў і яго кіраўнік.

«Не рэагаваць на падобныя падзеі мы не маем ніякага права. Гэта ўнутраная справа ў тым ліку нашага міністэрства», – заяўляў Ігар Шуневіч.

Да больш стрыманых заяваў заклікаў міністр замежных справаў – Уладзімір Макей.

«Усялякі дзяржаўны, палітычны дзеяч, любая структура, робячы тыя ці іншыя заявы, павінная думаць пра наступствы ва ўсіх адносінах», – казаў ён радыё «Свабода».

Нягледзячы на гэта, галоўны міліцыянт краіны сваю думку працягнуў, пашкадаваўшы, што ніхто, акрамя ягонага міністэрства, не абурыўся вывешваннем ЛГБТ-сцяга.

«Гэта была пэўная праверка «на сталасць», якую нашая грамадзянская супольнасць не прайшла», – заявіў пасля гэтага ў размове з «Еўрарадыё» міністр унутраных справаў.

Нягледзячы на гэта, заяву Ігара Шуневіча пачулі. Прычым ва ўсім свеце. Любоўю на нелюбоў адказалі, да прыкладу, у Таронтоў і Луівіле. Там, на прайд-парадах, беларускі міністр стаўся ледзь не адным з сімвалаў гамафобіі.

Паводле справаздачы Human Rights First, правы сексуальных меншасцяў у нас дзяржавай не толькі не захоўваюцца, але і парушаюцца.

Сцяпан Святлоў