За завышаныя сумы ў жыроўках камунальнікаў аштрафуюць


З 29 кастрычніка ўводзіцца адміністратыўная адказнасць для камунальных службаў.

Згодна з дапоўненым артыкулам 11.83, адміністратыўны кодэкс прадугледжвае папярэджанне ці штраф у памеры дзвюх базавых велічыняў. У выпадку паўторнага парушэння цягам года пагражае штраф ад чатырох да дзесяці базавых.

У Адміністрацыі прэзідэнта ў такім кроку бачаць прафілактычную захаду.

«Людзей заканамерна хвалюе пытанне: чаму ў адным доме за ацяпленне, груба кажучы, плоцяць рубель, а ў суседнім – два? Але ж не клопат спажыўца, каб займацца вылічэннем тарыфаў. Чалавек спадзяецца, што ёсць кантрольны орган, які прыйдзе і ўсё пераправерыць», – заявіў Арцём Праскаловіч з Упраўлення дзяржаўнага і міжнароднага права Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта.

Але ж апроч памылак ці падману камунальнікаў для спажыўца куды большаю праблемай ёсць рост коштаў. Паступова беларусы маюць плаціць 100 % за аказаныя паслугі.

Адказнасць выклікае ўсмешку, бо калі пералічыць базавыя велічыні на рублі, выйдзе каля Br 49 за першае пакаранне і ад 98 да 245 – за другое.

«Нічога рэальнага грамадзянам гэта не дасць па той прычыне, што гэта ўсяго толькі, скажам так, адміністратыўная норма, за ўвядзенне якой адказвае дзяржава. І калі ў «жыроўцы» запісаная нейкая сума, то скрайне цяжка высветліць, якім чынам яе разлічвалі», – кажа юрыст Аляксандр Жук.

Бо куды часцей нават да нашага тэлеканалу звяртаюцца людзі, якія плоцяць, і ў «жыроўках» усё сыходзіцца, але просяць зрабіць рамонт дзесяцігоддзямі. Дапаўненне ў кодэкс з’явілася, але пытанне: ці не ў якасці касметычнае змены?

Сяргей Падсасонны