За «віншаванні» – штрафы і арышты


Падчас учорашніх народных «віншаванняў» Лукашэнкі з нагоды інаўгурацыі, паводле МУС, затрымалі 364 асобы, толькі 44 з іх адпусцілі, астатнія застаюцца пад вартаю да суда. Ад 5 да 15 содняў і штрафы ад 4 да 30 базавых. Такія пакаранні прызначаюць сёння суддзі. Пры гэтым караюць і сваякоў затрыманых – яны суткамі не ведаюць, дзе іхныя блізкія, і гэта не выпадковасць, а зламыснасць праваахоўнікаў.

Самымі папулярнымі ды наведвальнымі месцамі ў краіне сталі… пастарункі, суды і ізалятары. Цяпер і маладыя і старыя па коле ездзяць з РУУС у суд, з суда ў ізалятар, шукаючы сваіх родных. Хто знайшоў – збірае і нясе перадачу. Хаця «знайшоў» – гэта вельмі ўмоўна, бо звесткі міліцыянтаў часцяком несапраўдныя. У справе Ігара Шчамялёва, якому бацькі прынеслі перадачу ў ізалятар, падман быў з самага пачатку.

«Сын Ігар казаў па тэлефоне міліцыі, што ён не хоча зʼяўляцца толькі таму, што яго незаконна затрымалі ў траўні. Не, кажуць, вам трэба толькі з‘явіцца, нічога не будзе, мы проста апытаем вас, і ўсё», расказвае Міхась Шчамялёў.

Ігар прыйшоў у Ленінскі РУУС і дадому больш не вярнуўся:

«Маёр Пахоменка запэўніў, што яго вязуць у ІЧУ. Ён запэўніў, што заўтра – суд, што ўсё нармальна. Сёння мы прыйшлі ў суд, чакалі там да гадзіны дня, ніякіх звестак няма. Прыехалі сюды ў ізалятар, сказалі, што яго і тут няма».

А цяпер і невядома, дзе жонка Ігара:

«Вераніка пачала тэлефанаваць туды, пытаецца, дзе мой муж, яны запыталіся, дзе яна. Яна сказала, што ля РУУСу, яны выйшлі, і ёй выпісалі позву на сёння на 10 раніцы. Але а 9 раніцы яны самі прыехалі і забралі яе туды».

Позва ёсць і для Вольгі Сераковай, якая шукала свайго сына, затрыманага напярэдадні пасля акцыі пратэсту:

«Сёння раніцай, калі я збіраю перадачу сыну, прыязджае ўчастковы і прыносіць мне позву. Заўтра будзе роўна два тыдні, як да мяне ў хату пазванілі ў дзверы, нарад міліцыі прыехаў па мяне, суправаджае машына, вывезлі ў РАУС, там у мяне як у забойцы, маньяка, злачынцы фатаграфуюць у анфас і профіль, здымаюць адбіткі пальцаў, складаюць пратакол».

Цяпер Вольга сама чакае суда, а пакуль на волі падтрымлівае сына і ягоную сямʼю – дома без таты засталіся двое дзетак, адное з якіх – немаўля. Перажываюць блізкія затрыманых, а таксама і сябры. Гэтак Канстанцін прыйшоў да суда падтрымаць калегу, затрыманага напярэдадні на акцыі пратэсту ў Магілёве:

«Я тут з 12.30, дагэтуль двое іншых маіх калег чакалі, пасля прыедуць яшчэ іншыя. Чакаем, хвалюемся за яго, невядома, што з ім там могуць зрабіць».

І ў гэтыя хвіліны пад Акрэсціна з нецярплівасцю чакаюць сябры і блізкія вызвалення журналістаў Аляксандра Васюковіча і Уладзя Грыдзіна.

Вольга Старасціна, «Белсат»