За што заплацяць дармаеды па новым дэкрэце?




Лукашэнка не сышоў. Наадварот – наадварот, гнуў сваю лінію, дэкрэт № 3 перапісалі і перайменавалі ў дэкрэт «аб спрыянні занятасці насельніцтва». Чакаецца, што 1-га красавіка, замест жартаў, улады паведамяць, якія паслугі беспрацоўныя будуць аплачваць у поўным памеры.

Дэкрэт № 3 быў падпісаны яшчэ ў 2015 годзе, але пік пратэстаў супраць пастановы прыпаў на вясну мінулага года. Беспрацоўныя мусілі аплаціць гэтак званы падатак на дармаедства, каля двухсот долараў. Дакумент закрануў каля 470 тысяч чалавек. Менавіта маршы недармаедаў сталі імпульсам, які абудзіў беларускія рэгіёны, дзе з пачатку 90-х не было маштабных пратэстаў. Гэтыя ж падзеі зрабіліся падставаю для жорсткай рэакцыі з боку кіраўніка дзяржавы.

«Як разынкі павыкалупваць гэтых правакатараў. Майдана ў Беларусі не будзе. Хопіць пра гэта думаць і размаўляць», – пужаў усіх Лукашэнка.

Пасля гэтай нарады кіраўнік краіны даваў даручэнне, да першага траўня мінулага года працаўладкаваць усіх беспрацоўных, а на дзеянне дэкрэту быў накладзены мараторый. Шэраг незалежных экспертаў, сярод якіх, напрыклад, праваабаронца Алег Волчак, адразу заклікалі прыпыніць дзеянне дэкрэту.

Каб Лукашэнка не згубіў «круцізну»

Паводле звестак Белстату фактычны ўзровень беспрацоўя летась у краіне склаў 5,6 %. А ў асобных рэгіёнах, напрыклад, у Маладзечне, схаванае беспрацоўе набліжаецца да 10 %. У акцыі недармаедаў у Маладзечне браў удзел і сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

«Лукашэнка хоча захаваць дэкрэт №3 у тым ці іншым выглядзе, бо калі ён не захавае, ён згубіць сваю круцізну», – мяркуе палітык.

Паводле дэкрэту № 1, які застаецца тым самым трэцім дэкрэтам, толькі пад іншай назвай, ад 1-га студзеня 2019-га беспрацоўныя будуць аплачваць дзяржаўныя паслугі паводле коштаў, якія пакрываюць эканамічныя затраты дзяржавы. Улады захоўваюць інтрыгу адносна таго, якія гэта будуць паслугі, і нават ужо не абяцаюць усіх працаўладкаваць, абмяжоўваючыся толькі нязменным: усе мусяць працаваць.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum