«За што на нас ціскуць? За тое, што маем сваё меркаванне і не баімся выказаць яго?». Маладая сям'я з Барысава можа апынуцца з дзецьмі на вуліцы


Да журналістаў «Белсату» звярнуліся Іван і Святлана Самсонавы – маладая сямʼя з Барысава. Пасля ўдзелу ў акцыях і ланцугах салідарнасці яны пачалі зазнаваць ціск з боку ўладаў. Упершыню іх затрымалі яшчэ напрыканцы чэрвеня за ўдзел у мірным мітынгу. Затым любая актыўнасць Івана і Святланы канчалася ў мясцовым аддзяленні міліцыі.

«Мне сказалі, што я тут за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. На што я адказала: «А дзе ён быў?» Бо, наколькі я ведаю, у Барысаве зусім нічога не адбывалася на той момант. Кажу: «Мы сядзелі на плошчы». На што мне сказалі: «Вы маглі пасядзець учора, вам далі час, вы павінны былі выпусціць пару». А сёння нас забралі, калі б мы пасядзелі адзін дзень, то не чапалі б», – распавядае Святлана Самсонава.

За сям’ёй устанавілі нагляд. У дзень сустрэчы Святланы Ціханоўскай з мясцовымі выбарнікамі, Івана з працы забралі ў міліцыю, дзе пратрымалі да позняга вечара. Жонцы не паведамлялі пра ягонае месцазнаходжанне. У выніку мужчына быў вымушаны сысці з працы. Не дапусцілі Івана і да назіранняў за выбарамі, хаця той меў акрэдытацыю. А па дарозе да Менску 9 жніўня яго спынілі працаўнікі ДАІ ды некалькі гадзінаў разбіраліся ў справе аўтамабіля: быццам праз праблемы з ідэнтыфікацыйным нумарам кузава транспартавага сродку.

«Уся экспертыза, зверка нумароў – ля 400 рублёў: 370 з капейкамі рублёў толькі аднаму эксперту заплацілі за рэагенты і г. д. Усе грошы з бюджэту. У мяне нямое пытанне: чаму нашыя падаткі ідуць на такія мэты? У мяне адымаюць час і яшчэ мае грошы. А са мною працавалі 16 чалавек, каб вы разумелі», – дадае Іван Самсонаў.

А днямі Іван і Святлана атрымалі лісты ад гарадскога ўнітарнага прадпрыемства «Жыллё», якому належыць інтэрнат, дзе жыве сямʼя, з патрабаваннем добраахвотна вызваліць пакоі. Маўляў, прапісаны арэнданаймальнік не жыве на гэтых плошчах. У выпадку адмовы высяляцца маладзёнаў папярэдзілі пра не наданне другога жытла і пра выдаткі на судовы разбор.

«Не ў інтэрнаце справа, справа ў прапісцы. Нам сказалі, што нас выганяюць і не даюць месца жылля. Калі нам не даюць месца для жылля, адпаведна, мы становімся бамжамі. Калі мы становімся бамжамі, па выніку ў нас забіраюць дзяцей. Уявіце, што ў такім узросце страіць дваіх дзяцей», – кажа Святлана.

«Ды ў любым узросце», – падкрэслівае Іван.

«Забраць іх будзе проста, а вось вярнуць вельмі і вельмі складана, я больш, чым упэўненая», – падсумоўвае жанчына.

Іван і Святлана перакананыя, што ў дачыненні іх цяпер ужываюць усе магчымыя рычагі ўціску за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Аднак яны не думаюць здавацца і ўжо падалі заяву ва УП «Жыллё» на незаконнасць такіх дзеянняў, а таксама збіраюцца звярнуцца да адвакатаў.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»