«За родны народ Беларусі». 138 гадоў Янку Купалу


Сёлета без канцэртаў, вечарынаў ды масавых імпрэзаў. Да 138-годдзя з Дня нараджэння Янкі Купалы працаўнікі музею паэта арганізавалі ўскладанне кветак да помніка ў Менску.

«Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына, паміж сваіх і чужакоў яна мне ласкай матчынай» – сёння дзень нараджэння аўтара гэтых радкоў, першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

«Постаць выключная для нашай культуры, для гісторыі беларускага народу, гэта як крыніца – крыніца натхнення, крыніца асалоды і магчымасць пазнання, адкуль мы родам, дзе мы нарадзіліся, што мы жывем на гэтай зямлі і павінны ганарыцца, што зʼяўляемся беларусамі», – лічыць генеральны дырэктар тэатру імя Янкі Купалы Павал Латушка.

Янка Купала – класік беларускае літаратуры ды адзін са стваральнікаў літаратурнае мовы. Пʼесы «Тутэйшыя», «Раскіданае гняздо» і «Паўлінка», некалькі дзясяткаў паэм, зборнікі вершаў і перакладаў – паэт, драматург, публіцыст, грамадскі дзеяч, Купала быў духоўным лідарам беларускага адраджэння не толькі ў пачатку 20 стагоддзя.

«Я буду маліцца і сэрцам, і думамі, распетаю буду маліцца душой, каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй». Хіба гэта не пранізвае сэрца кожнага? Хіба не заклікае быць актыўным?», – цытуе Купалу пісьменнік Анатоль Бутэвіч.

Але, каб адчуць сілу словаў паэта, трэба прынамсі ведаць ягоныя вершы. Пераклады твораў Купалы існуюць больш як на сотні моваў свету, але на радзіме згадаць творы ці працытаваць некалькі радкоў Янкі Купалы можа далёка не кожны мінак:

«Зараз не працытую».

«Вершаў не ведаю, а Янку Купалу – канечне, ведаю такога пісьменніка, у школе вучылі».

«Радок не ўзгадаю, а пʼеса – «Тутэйшыя», першае, што прыходзіць у галаву, «Бандароўна».

«Трохі ведаю: «Не шукайце шчасця, долі на чужым, далёкім полі, гэй, за шумным лесам-борам, за шырокім сінім морам».

«Я проста добра памятаю па песні «Брута»: «Будзь смелым! Магутна ярмо друзгачы! Ідзі сам наперад, другіх ведучы! Будзь смелым, як бура, што крышыць дубы, і будзе твой час, тваё права ўсягды!», – кажуць жыхары Менску.

Сёння па-ранейшаму актуальна ды па-прарочы гучаць і вершы Янкі Купалы, і спектаклі паводле ягоных твораў. Бо ўсё жыццё народны паэт Беларусі прысвяціў стварэнню беларускай нацыянальнай ідэі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»