Аб'ектыў 08.10.2019 За перавышэнне хуткасці караюць прыпынкам на 45 хвілінаў


Як кажа вядомае прыслоўе, больш за ўсё баліць кішэня. Аднак эстонская паліцыя знайшла іншы спосаб караць аматараў хуткай язды, апроч штрафаў.

Перавысіў хуткасць – пастой, падумай, астудзіся. Кіроўцам, якія ўпершыню перавысілі хуткасць, дарожная паліцыя прапаноўвае выбар: заплаціць штраф або пачакаць на ўзбочыне дарогі.

Элары Касемец, дарадца ў інавацыях эстонскай паліцыі:

«Мы правялі серыю інтэрв’ю з кіроўцамі. Яны казалі, што штрафы сёння не маюць такога ўздзеяння, як раней. Людзі плоцяць іх і едуць далей. Але, з іншага боку, іх вельмі раздражняла, калі яны павінныя былі праводзіць час у паліцэйскай машыне. Гэткім чынам нарадзілася ідэя тайм-аўтаў».

Тыя, хто перавысіў хуткасць менш, чым на 21 кіламетр на гадзіну, павінныя пачакаць на ўзбочыне 45 хвілінаў. Тыя, хто перакрочыў дазволеную хуткасць на большую велічыню, будуць стаяць гадзіну.

«Я абганяў аўтобус. Я толькі крыху перавысіў хуткасць, усё было бяспечна. Я думаю, не мае сэнсу плаціць штраф за такое парушэнне», – распавядае кіроўца Рудалф Паюсілд.

Невысокія перавышэнні хуткасці складаюць траціну ад усіх парушэнняў хуткаснага рэжыму ў Эстоніі. Элары Касемец, дарадца ў інавацыях эстонскай паліцыі:

«Амаль усе кіроўцы, якія стаяць тут, супакойваюцца і пачынаюць ехаць у межах ліміту хуткасці, нават крыху вальней. Таму я лічу гэты спосаб вельмі эфектыўным».

А ці дазволіць эстонскі спосаб змагацца з перавышэннямі хуткасці ў нашай краіне?

«Так, гэта магло б працаваць. Таму што не кожны кіроўца мае 20 ці 25 рублёў».

«Я думаю, наўрад ці. Таму што мы не ў Эстоніі».

«Лепш заплаціць штраф, чым 45 хвілінаў прастаяць».

«А лепш не перавышаць хуткасць! І ўсё нармальна будзе!» – каментуюць жыхары Берасця.

У нашай краіне за мінулы год былі выпісаныя амаль 2 мільёны штрафаў за перавышэнне хуткасці. У аварыях, выкліканых хуткаю яздой, загінулі 79 чалавек.

Аляксандр Папко belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары