За парушэнне цішыні будуць караць уласніка кватэры


40 тысяч скаргаў штогод. На што скардзяцца беларусы? На дакучлівы шум ад суседзяў – рамонт, гучныя імпрэзы пасля камяндантскай гадзіны. Але не заўсёды атрымліваецца прыцягнуць да адказнасці ці прынамсі паўплываць на тых, хто не шануе іншых. Генпракуратура прапануе радыкальныя метады барацьбы, а менавіта – караць за парушэнне цішыні ўласніка кватэры.

У Генеральнай пракуратуры сцвярджаюць, што выхад ёсць, калі музыка зверху даносіцца ўначы, а ў выходны за сцяною свідруе дрыль. Варта пачаць прыцягваць да адказнасці ўласніка кватэры.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ

«Ну, уласнік у любым выпадку мусіць. Бо праз яго ўсё ідзе. Яму кватэра належыць».

«Я нядаўна сам жыў у такой кватэры. З суседам нічога зрабіць не маглі. Так што я асабіста падтрымліваю гэта».

«Тыя, хто п’юць, асабліва. Ім усё роўна штрафы не штрафы, яны лепш адсядзяць, як кажуць, 15 содняў ці колькі. Таму, нават не ведаю, што сказаць».

Што праўда, уласнік кватэры – не заўжды той сусед, што не дае спаць уначы. Кватэру могуць здаваць у арэнду. Іншая рэч, што злавіць за руку парушальніка грамадскага парадку ўдаецца не кожны раз. Нярэдка міліцыі папросту не адчыняюць дзвярэй.

«Я лічу, што гэта правамерна, прымяняць адказнасць непасрэдна да ўладальніка кватэры, калі немагчыма вызначыць канкрэтнага парушальніка, бо гэта ягоная ўласнасць і ён нясе адказнасць за тое, што адбываецца ў ягонай уласнай кватэры», – кажа юрыст Мікалай Арцюхоў.

Паводле ацэнкі Генпракуратуры, іншая прычына, чаму паўплываць на гучных суседзяў складана, – недасканалы механізм рэагавання на скаргі. Па дапамогу ўначы грамадзяне могуць звярнуцца толькі ў праваахоўныя органы. Міліцыя ж, у сваю чаргу, мусіць перадаць атрыманыя ў хадзЕ правярання матэрыялы ў ЖЭС, дзе вялікай увагі адміністратыўным правапарушэнням гэтага кшталту не надаюць.

«Наколькі яны, скажам, зацікаўленыя… наколькі час… наколькі маюць адпаведныя веды, каб прыцягнуць да адказнасці… нешта», – кажа юрыст Мікалай Арцюхоў.

Летась толькі восьмая частка ад усіх пададзеных заяваў атрымала прававую ацэнку. Сёлета ж у Менску не зафіксавалі ніводнага факту рэагавання на скаргу. Дык ці паспрыяе прапанова большай эфектыўнасці?

«Гэта падвысіць, па-першае, адсотак прыцягнення парушальнікаў да адказнасці і крыху загрузіць нашую міліцыю», – кажа юрыст Мікалай Арцюхоў.

Ці набудзе прапанова Генеральнай пракуратуры статус закону – цяпер казаць рана. Пакуль жа пакаранне «хатнім хуліганам», асобу якіх удалося ўстанавіць, складае штраф памерам да 30-ці базавых велічыняў. У вЫпадку юрыдычных асобаў – да 50-ці базавых.

Юлія Лабанава belsat.eu