За нашу і вашу свабоду!


Пікеты салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі адбываюцца і па-за межамі нашай краіны. Гэтак, сёння ў польскай сталіцы нашыя суайчыннікі выйшлі пад сцены беларускай амбасады. На месцы пабываў і Валеры Руселік.

Больш за тысячу чалавек сабраліся сёння пад амбасадай Беларусі ў Варшаве, патрабуючы вызвалення палітвязняў і правядзення свабодных выбараў у нашай краіне. Пры гэтым на акцыю ў Варшаву людзі ехалі і з іншых гарадоў Польшчы. Шмат хто прызнаваўся, што дагэтуль ніколі не ўдзельнічаў у палітычным жыцці Беларусі.

Удзельнікі акцыі падзяліліся сваімі думкамі з «Белсатам»:

«Мне было 14 гадоў, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады – і я яго не выбірала, гэта не мой прэзідэнт. Таму мы выказваем сваю пазіцыю!»

«Мы бы хацелі, каб у нашай краіне нешта змянілася – як і ўва ўсіх тут такія думкі. Хоць мы і ў іншай краіне, хацелася б паказаць, што мы не абыякавыя. Хацелася б верыць у лепшае і ў тое, што нас 97 адсоткаў».

«Мы хацелі б жыць у нашай краіне. Мы не хацелі б з’язджаць сюды, калі б там былі нармальныя ўмовы для развіцця нас як людзей, і нашых дзяцей. А тое, што цяпер там робіцца – гэта папросту невыносна!»

«У Беларусі я бачу беззаконне, дзе ўлады мірных людзей ані за што збіваюць. Бедных дзяўчат – у цывільным адзенні, анічога не прад’явіўшы і не прадставіўшыся, – гэта канкрэтнае беззаконне! Я хачу пабачыць адкрытыя выбары, каб яны былі сумленныя, каб сам народ абраў свайго прэзідэнта!»

Людзей прыйшло настолькі шмат, што арганізатары былі вымушаныя прасіць частку перайсці на іншы бок дарогі, а таксама расцягнуцца ўздоўж ходнікаў.

Слова – удзельнікам акцыі:

«Хацелася б звярнуцца да працаўнікоў праваахоўных органаў Беларусі. Папросту ў вас рэальна мала часу: вы альбо з намі, альбо супраць нас! Мы папросту змяцем вас! Беларускі народ змяце вас, калі вы і далей сябе будзеце гэтак паводзіць!»

«Ужо ўся краіна не згодная з тым, што адбываецца. І толькі адзін чалавек не можа гэтага зразумець!»

«Ужо на працягу чвэрці стагоддзя руліць чалавек, які згубіў кантакт з рэчаіснасцю, разумееце? І мы, як грамадзяне Рэспублікі Беларусь, як жыхары, папросту выказваем максімальна свой негатыў, разумееце? Мы ненавідзім гэтую ўладу, таму што яна ілжэ, садзіць людзей у турмы ні за што, і мы не можам цярпець такога! І паглядзіце, колькі людзей! Гэта ўсе людзі, якія выехалі, бо альбо няма працы, альбо папросту немагчыма жыць у такім клімаце – ментальным і палітычным!»

Пры гэтым арганізатарка мерапрыемства Стася Гліннік тлумачыць, што акцыя адбылася спантанна. Пасля акцыяў у Менску і масавых затрыманняў беларусы ў Варшаве пачалі самаарганізоўвацца і выходзіць пад амбасаду самастойна. Каб не парушаць мясцовага заканадаўства і даць магчымасць землякам выказацца, дзяўчына зарэгістравала заяўку на сваё імя і запрасіла на яе людзей праз Фэйсбук.

«Я ў шоку ад таго, колькі тут цяпер людзей, колькі людзей не забывае пра Беларусь! Я сёння вельмі шмат чула пра тое, што людзі гатовыя ехаць дадому, усе мараць вярнуцца ў свабодную Беларусь. У тым ліку і я, я гатовая вярнуцца!» – кажа арганізатарка акцыі.

Ужо напрыканцы сённяшняй акцыі ўдзельнікі дамаўляліся пра наступную. Папярэдне сабрацца пад пасольствам зноўку неабыякавыя беларусы дамовіліся ў наступныя выходныя.

Валеры Руселік, Белсат