За мір і супраць гвалту. Па беларускіх гарадах прамаршыравалі жанчыны


Музыка, плакаты, кветкі ды сцягі розных краін свету – гэтак на Камароўскім рынку ў Менску адбываецца жаночы марш міру з падзякаю міжнароднай супольнасці за падтрыманне беларусаў у барацьбе за правы.

«Я проста плакала. Быў такі жудасны дзень, калі даведалася, што літоўцы ды ўкраінцы сабраліся выбудаваць ланцуг: ад мора да мора. І мы павінны былі ў гэтым узяць удзел. А ў нас тут поўны разлад, мы самі не ведалі, куды пойдзем і якім лікам. І мне было так сорамна, што яны для нас столькі зрабілі», – кажа ўдзельніца маршу з Менску.

«Хачу выказаць падзяку іншым краінам, што падтрымалі, што прынялі гэтыя выбары фальсіфікаванымі ды падтрымліваюць нас цяпер. За гэта ім вялікі дзякуй», – апавядае дзяўчына.

Падобныя акцыі ладзіліся ў Гомлі, Горадні і іншых беларускіх гарадах. Гэтак, у горадзе над Сажом на пачатку маршу ўдзельніц было меней, чым праваахоўнікаў. Аднак, цягам шэсця калоны вуліцаю, людзей паболела амаль да 200.

«Мне першы раз было страшна. А калі я пабачыла пабітых людзей, скалочаных, калі дзяўчат згвалтаваных… Дык што маё жыццё супраць тых маладых? Я ўжо пражыла, прапрацавала. Я ветэран працы. Мне б, падавалася, ужо можна і дажываць. Але маладым, выбачайце, гэтак нельга», – сцвярджае гамяльчанка.

Далей жаночая калона прайшла праспектам Незалежнасці да Плошчы Перамогі, дзе мае пачацца жалобны марш памяці ахвяраў міліцэйскага гвалту.

«Адбыліся такія падзеі, і да гэтага часу не распачатая ніводная крымінальная справа. Хоць у следчы камітэт падалі ўжо больш за 1000 заяваў, наколькі я чытала. Я сама юрыст. І гэта настолькі супярэчыць нашаму заканадаўству… Таму я не бачу іншай магчымасці выказаць свой пратэст», – абураецца менчанка.

У сталіцы два маршы абʼядналіся ў агульную калону. Некалькі тысяч асобаў рушылі далей у цэнтр гораду. Праз перакрытыя вуліцы ды верагоднасць сустрэцца з узброенымі сілавікамі ўдзельніцы не мелі канчатковага пункту прызначэння, а змянялі планы ў хадзе падзей. На жаль, не абышлося без затрыманняў. Гэтак, на падыходзе да Кастрычніцкай плошчы былі схопленыя журналісты «Белсату» – Алена Дубовік і Максім Гарчанок. Удзельніцы спрабавалі адбіць іх у сілавікоў, але няўдала. Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе пра затрыманні яшчэ трох дзясяткаў асобаў гэтым днём.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»