За мінулы год працу ў Беларусі страцілі 715 тысячаў чалавек


Занятых у эканоміцы грамадзянаў усё меней. За мінулы год працу ў Беларусі страцілі ажно 715 тысячаў чалавек. Гэтая лічба перавысіла колькасць прынятых на працу на 42 тысячы. Чаму гэтая лічба ўсё павялічваецца, нягледзячы на штогадовыя абяцанні ўладаў стварыць новыя працоўныя месцы?

Мінімум 50 тысячаў у 2017-ым і 70 тысячаў у 2018-ым. Столькі новых працоўных месцаў павінна было з’явіцца ў нашай краіне паводле абяцанняў ураду. Тым часам за мінулы год, як паведамляе Белстат, баланс звольненых з працы ды тых, хто працаўладкаваўся, – мінус 42 тысячы.

«Калі прадпрыемства не можа пракарміць сваіх працаўнікоў, яно павінна неяк рэфармавацца. А, натуральна, ні волі, ні ідэяў у кіраўніцтва ніякага няма. Таму ідуць гэтыя працэсы звальненняў», – кажа Сяргей Антусевіч, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

Знайсці годную працу ўсё цяжэй, але калі не працаўладкавацца, улады запішуць у лік гэтак званых дармаедаў. На думку прафсаюзнага лідара, грошы на стварэнне і абслугоўванне базы незанятых у эканоміцы лепш выдаткаваць на стварэнне новых працоўных месцаў. Сяргей Антусевіч гаворыць:

«Прасцей даць вольніцу – выканаць Канстытуцыю, як гэта было раней, да гэтага ўсяго, і ствараць новыя працоўныя месцы, ствараць умовы для таго, каб развіваўся бізнес, каб чалавек мог знаходзіць сабе годную працу».

Найбольш звальненняў у мінулым годзе адбылося ў сельскай гаспадарцы, а таксама лясной і рыбнай прамысловасці. Менскія мінакі сумняюцца, ці звольненыя 42 тысячы чалавек знойдуць працу. І не асабліва вераць у абяцанні ўраду працаўладкаваць сёлета на наваствораных месцах 68 тысяч грамадзянаў:

«Я сам не менскі, у мяне ў горадзе таксама з гэтым вялікая праблема. Што тут верыць? Нічому не верыш».

«Дзяржава не дапаможа, сам чалавек павінен актыўна прымаць удзел, думаць».

«Кожны год адно і тое ж – мы толькі і слухаем у прынцыпе адныя абяцанні. Таму, як гаварыцца, трэба спадзявацца на лепшае, але рыхтавацца да горшага».

Наступствы неперспектыўнай сітуацыі на дзяржаўных прадпрыемствах адчуем усе – у сваіх гаманцах, адзначаюць эканамісты. Мікалай Маслоўскі, эканаміст:

«Чым менш занятых у эканоміцы, тым менш вынікова «бабла» атрымаюць нашыя дзяржпрадпрыемствы, усе прыватнікі, прадпрымальнікі. Менш падаткаў – адпаведна, менш дзяржава атрымае грошай для нейкіх манеўраў, менш сацыяльнай праграмы будзе, менш людзей, менш грошай ува ўсіх».

Цягам васьмі апошніх гадоў занятых у эканоміцы Беларусі стала меней на трыста шэсцьдзесят сем тысяч грамадзянаў. У базе гэтак званых дармаедаў – каля паўмільёна чалавек.

Ганна Мордань, belsat.eu