За магілёўскі «Омск Карбон» узялася пракуратура


Магілёўская абласная пракуратура прызнала хібы ў айчынным прыродаахоўным заканадаўстве. Што праўда, толькі пасля таго як жыхары гораду і ваколіцаў напісалі стос скаргаў. Ці атрымаецца пакараць прадпрыемства «Омск Карбон» за разавае перавышэнне экалагічных нормаў? Падрабязней у матэрыяле Вольгі Васільевай.

Магілёўцаў запэўніваюць: без правярання дзяржаўнага экалагічнага і санітарнага кантролю завод «Омск Карбон» не запусцяць. А астатнія прадпрыемствы прамысловай зоны штомесяц праводзяць маніторынг сваіх выкідаў. Такі адказ ад адміністрацыі «Свабоднай эканамічнай зоны» атрымаў грамадскі актывіст Леанід Платоненка:

«Ніякіх парушэнняў няма, і наагул усё добра. У нас выклікае сумневы ў гэтым, бо на цяперашні момант ёсць маса калектыўных скаргаў на гэты конт, ёсць увага пракуратуры. Такія адказы – звычайная адпіска, бо мы бачым насамрэч усё інакш».

Адкуль жа тады смярдзючае паветра і чорны снег? Па-чалавечы да праблемаў жыхароў гораду і наваколля паставілася Магілёўская абласная пракуратура. У ёй прызналі, што праз хібы прыродаахоўнага заканадаўства завод нельга прыцягнуць да адказнасці за разавае перавышэнне нарматыву. Аляксандр Чадзюк, пракурор Магілёўскай вобласці, цытата «TUT.BY»:

«Мы прапрацоўваем пытанне, каб праз Генпракуратуру выйсці на адпаведныя органы і паставіць пытанне аб змяншэнні паказнікаў выкідаў для прадпрыемстваў. Існы цяпер паказнік не зможа даць нам магчымасць дыхаць паветрам і не адчуваць якіх-небудзь дамешак. Можа, я не зусім кваліфікавана кажу, але мы, жыхары, адчуваем сябе непрыемна, калі дыхаем гэтым паветрам з іншароднымі дамешкамі».

Як паведамляе «Tut.by», у пракуратуры рыхтуюць прапановы для стварэння адзінай лабараторыі кантролю выкідаў і стану паветра ў паўднёвай прамысловай зоне Магілёва. Грамадзяне, якія звярталіся ў пракуратуру, не бачаць альтэрнатываў і патрабуюць папросту закрыць небяспечны завод.

«Што важнейшае: завод ці жыццё дзяцей? Вось адкажыце нам на гэтае пытанне і мы сыдзем, што важнейшае?»

«Зрабіце Чарнобыльскаю зону, перасяліце нас адсюль усіх. У чым праблема»

«Чаму бы гэты завод не пабудаваць далей?», – кажуць жыхары Вейна на сустрэчы 25 студзеня ў Вяйнянскім сельсавеце.

Ад небяспечных прадпрыемстваў людзі пакутуюць па ўсёй Беларусі. Пратэсты паўсталі не толькі супраць заводу для вытворчасці тэхнічнага вугляроду «Омск Карбон» у Магілёве, але і супраць будаўніцтва прадпрыемства для вытворчасці акумулятарных батарэяў «Ай-паўэр» у Берасці і супраць заводу беленай цэлюлозы ў Светлагорску.

«І грамадскасць, і ўлады павінныя ісці насустрач адзін аднаму, павінныя садзіцца за стол перамоваў, павінныя адзін аднаму даносіць, якія праблемы, шукаць нейкія шляхі выйсця з гэтай сітуацыі, у нас жа як раз атрымліваецца аднабаковая гутарка», – кажа Алена Маслюкова, праваабаронца.

На думку праваабаронцы, беларускае заканадаўства ў адносінах аховы навакольнага асяродку самое сабою даволі жорсткае. Але яго выкананне рэдка кантралюецца. Таму адзінае выйсце – кантроль грамадства.

Вольга Васільева, belsat.eu