Аб'ектыў 23.06.2019 За каго вы галасавалі ў 1994-м?


Сёння важны дзень у беларускай гісторыі – 25-я гадавіна 1 туру прэзідэнцкіх выбараў, першага свабоднага галасавання ў незалежнай Беларусі. Цяпер не ўсе выбарцы памятаюць, за каго тады прагаласавалі.

Вось што кажуць магілёўцы.

«За Лукашэнку. Падаўся тады самым надзейным», – заяўляюць гараджане.

«Я галасавала за гарадзенскага таварыша», – адзначае жанчына.

«Я галасую супраць усіх заўжды», – кажуць магілёўцы.

А вось што ўзгадваюць жыхары і госці Горадні.

«Тады быў Кебіч пры ўладзе – за дзейнага», – гавораць апытаныя.

«Я за Шушкевіча галасаваў. Падавалася, што больш талковы чалавек», – заяўляюць мінакі.

«За Лукашэнку», – прызнаюць гарадзенцы.

«Я Лукашэнку выбрала і ў мяне ёсць усё, дзякуючы яму», – заяўляе жыхарка Горадні.

«Лепш бы я не галасаваў», – адзначыў гарадзенец.

Тады, у 1994-м, беларусы выбіралі першага прэзідэнта, хаця фактычна першым кіраўніком Беларусі з 1991-га года быў старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч. Удзельнік падпісання Белавежскіх пагадненняў, якія і зрабілі Беларусь незалежнай ад Масквы, Шушкевіч сышоў у адстаўку ў студзені 1994-га пасля абвінавачанняў у злоўжыванні ўладай.

Тады яшчэ малады дэпутат Вярхоўнага Савету Аляксандр Лукашэнка ў складзе часовай камісіі абвінаваціў старшыню парламенту, што той не можа прадставіць дакументы на скрынку цвікоў, ужытых для будаўніцтва дачнага доміка.

«Матэрыялы яму даваў Кебіч, ён сам саромеўся гэта публікаваць, бо гэта была яўная хлусня. А потым гэтым скарыстаўся і сам Лукашэнка, і паваліў Кебіча», – узгадвае Станіслаў Шушкевіч.

У першым туры было 6 зарэгістраваных кандыдатаў: Станіслаў Шушкевіч, прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч, старшыня партыі Беларускі народны фронт Зянон Пазняк, старшыня Саюзу аграрнікаў Аляксандр Дубко, сакратар ЦК Партыі камуністаў Васіль Новікаў і дэпутат Аляксандр Лукашэнка, які сябе пазіцыянаваў чалавекам з народу, простым старшынём саўгасу, але барацьбітом з карупцыяй.

Аднак Лукашэнка заўжды заставаўся чалавекам з савецкай сістэмы: ён служыў палітруком у Памежных войсках КДБ, быў намеснікам камандзіра роты ў танкавых войсках – таксама савецкім палітафіцэрам, працаваў камсамольскім і партыйным камуністычным функцыянерам. Падчас прэзідэнцкай кампаніі ён публічна паабяцаў працаўнікам КДБ, што разгону ці скарачэння кадраў пад выглядам рэформаў не будзе.

«Лукашэнка ішоў на такой хвалі, што ў нас усе ненавідзяць рускіх, адзін ён прарасейскі чалавек. Гэтага не трэба было рабіць, таму што павага да Расеі і расейскай культуры тут заўсёды ёсць. Да Крамля не заўсёды», – кажа Шушкевіч.

А грамадзяне былі ў стане шоку, бо Савецкі Саюз ужо разваліўся, а дэмакратычных інстытутаў і звычкі жыць свабодна яшчэ не было. Хапала і эканамічных праблемаў.

«Разбурылася не толькі былая эканоміка і палітычная сістэма, сістэма поглядаў і каштоўнасцяў… І на гэтую разгубленасць з’явіўся Лукашэнка, які сказаў: я ведаю, што рабіць. Давайце мы вернемся назад у старую савецкую сістэму», – тлумачыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Стаўка супраць прыватызацыі і рынкавых стасункаў ды імідж чалавека з народу спрацавалі: Аляксандр Лукашэнка набраў амаль 45 % галасоў і выйшаў у 2 тур разам з прэмʼер-міністрам Вячаславам Кебічам.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары