За год у Нацбанку стала на тону больш золата


Беларускі дзяржаўны скарб стаў цяжэйшы на тону золата за апошні год – паведаміў Нацыянальны банк. Агулам золатавалютныя рэзервы стабільна растуць апошнія 4 гады. Белстат рапартуе, што інфляцыя летась вырасла нават на 0,3 % менш запланаванай Нацбанкам лічбы. Гучыць аптымістычна. Наколькі афіцыйная статыстыка абгрунтаваная эканамічнымі дасягненнямі і ці заўважылі беларусы гэтыя змены?

Злітак да злітку – і тона золата летась папоўніла залаты запас Беларусі.

«Праз паўмільярда долараў крэдыту ад Кітая і праз продаж беларусамі валюты», – кажа эканаміст Сяргей Чалы. – «Насельніцтва і галоўныя суб’екты гаспадарання галоўным чынам яе прадавалі. Звязана гэта з тым, што прывабнасць рублёвых дэпазітаў лепшая, чым доларавых, таму паступова адбываецца дэдоларызацыя».

Гэтую валюту скупляе Нацбанк. Дастатковаю подушкаю для краіны лічыцца сума рэзерваў, адпаведная тром месяцам імпарту. ЗВР Беларусі адпавядаюць толькі двум з паловаю месяцам і набліжаюцца да 9,5 мільярдаў долараў. Статыстыка росту не падкупляе грамадзянаў:

«Каб мы зрабіліся багацейшыя, не ведаю што мае здарыцца».

«Павелічэнне ЗВР на нашым з вамі дабрабыце аніяк не адаб’ецца».

«Яшчэ з часоў Пракаповіча ў нас улады любяць фатаграфавацца на фоне зліткаў. Але апроч піяру і пафасу гэта не азначае роўным чынам нічога».

Нацыянальны банк штогод бʼе рэкорды. Цягам 5 гадоў абʼём золата ў скарбніцы фізічна павялічыўся на 15 % (на 5,7 тоны), а ягоны кошт – на 46,4. Такім чынам рост рэзерваў у валютным выяўленні – заслуга перадусім сусветнага рынку каштоўных металаў, і толькі потым – ураду і Нацбанку.

«Золата як любы біржавы тавар можа як даражэць, гэтак і таннець. Калі ў будучыні золата пачне таннець, то гэта (без змянення колькасці золата ў рэзервах) прывядзе да таго, што рэзерваў зробіцца меней у доларавым выражэнні», – тлумачыць Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык кампаніі «Альпары».

Золата губляе ў цане, калі ўмацоўваецца курс долара. Да прыкладу праз цяперашні канфлікт ЗША з Іранам, кантракты на пастаўку золата на Нью-ёркскай біржы металаў патаннелі на 1 %. Прадказаць далейшыя паводзіны цаны немагчыма, кажа старэйшы аналітык профільнай кампаніі «Альпары». Пэўныя прагнозы беларуская дзяржава аднак мае, і звязаныя яны з уласнаю эканамічнаю рэчаіснасцю:

«Паводле планаў, да канца года яны маюць быць не менш, чымся $ 7,3 млрд (зніжэнне на $ 2,1 млрд). То бок і ўрад, і Нацбанк дапускаюць, што часткова на вяртанне пазыкаў будуць выкарыстоўвацца рэзервы, і чакаюць іх планавага зніжэння», – нагадвае Вадзім Іосуб.

Гэта было б першае цягам 15 гадоў змяншэнне высокаліквідных актываў. Найперш з-за стратаў ад падатковага манеўра Крамля, ды (імаверна) праз нечакана высокія кошты на нафту. Дзяржпазыка Беларусі ў апошняй пяцігодцы расла падобна валютным актывам і складае $ 7,9 млрд. Палова – вонкавы доўг.

«Дзеля таго, каб ацаніць узровень бяспечнасці знешняга доўгу, трэба глядзець хутчэй не на абсалютную велічыню, а на кошт яго штогодняга абслугоўвання. І тут няпроста. Атрымліваецца знаходзіць у бюджэце толькі чвэрць той сумы, якая патрэбная на год», – кажа Сяргей Чалы.

Сёлета выкраіць гэтую суму будзе яшчэ цяжэй, бо бюджэт на 2020 год – першы дэфіцытны за апошнія 6 гадоў.

Юлія Цяльпук belsat.eu