За апошні год беларусаў паменела на 16 тысяч 200 асобаў


Дзевяць з паловаю мільёнаў жыхароў Беларусі налічыла афіцыйная статыстка ў нашай краіне на пачатак года. Шмат ці мала… менш. У 107 са 118 раёнаў нашай краіны – а гэта больш за 90 адсоткаў – жыхароў паменела.Пусцеюць перадусім вёскі і невялікія гарады. Прырост заўважылі толькі ў сталіцы, абласных цэнтрах і пары прамысловых раёнаў – кшталту Мазырскага і Астравецкага. А на Меншчыне цяпер жыве… кожны трэці беларус.

«Людзі, якія жывуць у раёнах, у сельскай мясцовасці, не сляпыя. Яны бачаць, дзе лепшае забеспячэнне, і гэта перш за ўсё. Але гэта толькі адзін бок медаля. А ёсць яшчэ і другі. Другі – гэта актыўнасць рынку працы, і якія заробкі на гэтым рынку», – тлумачыць Сяргей Жбанаў, эканамічны аглядальнік «Белгазеты».

Гэтае меркаванне падтрымліваюць і жыхары Віцебшчыны – рэгіёну, які перажыў летась найбольшую дэпапуляцыю: насельніцтва вобласці скарацілася ва ўсіх раёнах, за выключэннем Віцебскага. Жыхары Віцебску:

«Харчаванне дрэннае, працы менш стала».

«Масава з’язджаюць, таму што ўладкуюцца на нейкія 300, на мінімалку, а як жыць? А калі дзіця, як яго гадаваць? Як яго апрануць, накарміць, і ўвогуле сям’ю?»

«Працы шмат у каго няма. Матэрыяльны дабрабыт людзей трэба паляпшаць. Кажуць, Віцебская вобласць – самая бедненькая. Ураджай дрэнны, прадпрыемствы не працуюць».

«Не маю разумення. Напэўна, жыццё такое, што лягчэй памерці».

«З’язджаюць вельмі шмат працаваць у Расею. І не толькі ў Расею. Працы няма».

І сапраўды. Толькі на пачатак чэрвеня 2018 года на тэрыторыі Расеі заставаліся каля 618 тысячаў нашых суграмадзянаў. А Польшча летась выдала беларусам больш за 40 тысячаў працоўных візаў. Але міграцыя – не толькі за мяжу.

Чамадан, вакзал… і ў Менск! Менавіта такім прынцыпам карыстаецца год ад года ўсё больш беларусаў. Ды я і сам у далёкім 2007 зрабіў гэтакім самым чынам. Не дзіва, што пры такім раскладзе сталіца ды Менская вобласць сталі адзінымі рэгіёнамі краіны, дзе летась вырасла колькасць жыхароў.

У сталіцы паводле афіцыйных падлікаў жывуць амаль два мільёны чалавек. У Менскай вобласці – яшчэ прыблізна паўтара мільёна. Агулам гэта каля траціны ўсяго насельніцтва краіны. Такі перакос заўважаюць усе. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«За дзве з паловаю пяцігодкі насельніцтва прырастала па 16–17 тысячаў штогод. І ў колькасці мы дасягнулі разумнай мяжы – я ўжо неаднаразова аб гэтым казаў. Дзеля зручнасці менчукоў перш за ўсё, якія жывуць і працуюць. І тых, хто захоча сёння сюды прыехаць. Было сказана дакладна: хопіць».

На Менск прыпадае і 80 адсоткаў атрыманых інвестыцыяў. Кіраўніцтва краіны загадала развіваць гарады-спадарожнікі сталіцы, куды прапаноўваюць выносіць прамысловасць, каб разгрузіць горад. Аднак, са словаў Лукашэнкі, гэтая праграма праваленая. Што ж казаць пра аддаленыя раёны?

«Калі вы зарыентуеце насельніцтва на такі варыянт, калі нехта пра яго павінен паклапаціцца, тады яно і выбірае патэрналісцкі варыянт. А сталіцы ад «айца народаў» перападае заўжды больш, чым недзе на перыферыі. Гэта нармальна. Памятаеце, як у арміі? Трэба быць падалей ад начальства і бліжэй да кухні», – кажа Сяргей Жбанаў, эканамічны аглядальнік «Белгазеты».

2019 – другі з трох гадоў пад знакам малой радзімы, абвешчаных уладамі Беларусі. І афіцыйная статыстыка пакуль паказвае, што далей за гучныя словы справа не ідзе.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu