За Англію ці Расею? За каго заўзеюць беларускія фанаты


Чэмпіянат свету па футболе – падзея ў цэнтры ўвагі шмат каго. І хоць беларуская зборная на мундыяль не трапіла, самыя беларусы за футболам сочаць, яго абмяркоўваюць і, вядома, заўзеюць.

На цэнтральных вуліцах Менску практычна няма адчування таго, што ў суседняй краіне цяпер адбываецца найважнейшая футбольная падзея апошніх чатырох год. Але ўсё ж беларускія аматары футболу сочаць за падзеямі мундыялю.

Тыя, хто не трапіў на расейскія стадыёны, каб жыўцом назіраць за гульнямі, можа зрабіць гэта не толькі дома перад тэлевізарам: гэтак, у Менску ёсць спецыялізаваныя фан-зоны, а сталічныя бары ды кавярні прапаноўваюць прагляд усіх матчаў і нават арганізоўваюць адмысловыя акцыі і конкурсы для аматараў футболу. Заўзеюць беларусы па-рознаму.

Жыхары Менску:

«Так заўзею за Англію. Чаму? Заўжды за іх заўзеў. Падабаецца англійскі чэмпіянат».

«За Расею! За зборную! Хаця вельмі добра гуляюць бразільцы, мне спадабалася іх манера гульні».

«Беларусь не гуляе, таму і не гляджу».

«Я заўзею за Марока і за Расею. Таму што я раней вучыўся ў Расеі».

«Заўзею за Партугалію. Таму што там добрыя гульцы».

Ёсць і арганізаваныя групы падтрымання асобных нацыянальных камандаў. Гэтак, у Горадні Саюз палякаў Беларусі зладзіў прагляд матчу зборнай Польшчы супраць каманды Сенегалу. На імпрэзы запрашалі ўсіх ахвочых. Адное, што польскія футбалісты публіку не парадавалі: саступілі з лікам 1:2.

«Такая акцыя падтрымання польскай зборнай праводзіцца ў шмат якіх краінах сярод Польшчы і палякаў, якія жывуць за мяжой. Я дакладна ведаю, што заўзеюць палякі з Аўстрыі, Нямеччыне ды іншых краінах таксама. Таму мы гэтай сваёй акцыяй падтрымалі гэтую ініцыятыву», – кажа чалец Звязу палякаў.

Паводле арганізатараў, гэткія прагляды будуць ладзіцца падчас усіх матчаў польскай зборнай на мундыялі.

«Я дык заўсёды заўзею. Калі было польскае тэлебачанне, Польсат, Едынка, я заўсёды. Нават і за польскія каманды – «Ягелонія» Беласток. Я заўсёды ў інтэрнэце гляджу».

«Цікава паглядзець, як будуць палякі гуляць. Прыйшоў паглядзець на добрую цікавую гульню, каб яны перамаглі, але пакуль што не атрымліваецца».

Ёсць у Беларусі і тыя, хто прынцыпова не глядзіць чэмпіянат свету ў Расеі. Прычына перадусім – агрэсіўная палітыка Расеі ў дачыненні да Украіны. Звяртаюць увагу прыхільнікі байкоту і на сітуацыю з заключаным у расейскую турму ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, які ўжо 38 дзён трымае галадоўку.

«Такая зараз абстаноўка геапалітычная ў свеце, што гэтыя спаборніцтвы выглядаюць, як алімпіяда 36 году… Там зараз галадаюць украінцы ў турмах расейскіх, той жа Сянцоў. І ў гэты ж час там адбываюцца такія крывадушныя рэчы, калі Расея паказвае на ўвесь свет, якая яна, маўляў, цывілізаваная», – кажа моладзевы актывіст Яўген Васьковіч.

Беларуская ж зборная па футболе пакуль ані разу за сваю гісторыю не трапіла на Чэмпіянат свету. Чаго не хапае нашай камандзе, удачы ці майстэрства, лепш скажуць эксперты. Але напэўна калі б сёлета беларусы гулялі на мундыялі, не трэба было б задавацца пытаннем: за каго заўзеюць беларусы.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu