За 100 дзён на пасадзе Зяленскі не адказаў ні на адное важнае пытанне


На выбарах сацыёлагі рэгістравалі цалкам выразныя ды натуральна завышаныя чаканні, якія выбарнікі звязвалі з Зяленскім. Гэта перамога над карупцыяй, сканчэнне вайны і паляпшэнне эканамічнай сітуацыі. За першыя сто дзён свайго прэзідэнцтва ні ў адным з гэтых пытанняў Зяленскі ня даў выразных адказаў украінскаму грамадству.

Вось што мы пачулі падчас вулічнага апытання жыхароў Кіеву.

«Пакуль за сто дзён акрамя абяцанняў і шоу, якія на масы дзеюць, я нічога не ўбачыў, ніякіх канкрэтных крокаў».

«У мяне чаканняў як такіх не было, галоўнае, каб працягваліся традыцыі папярэдняга прэзідэнта – еўраінтэграцыя, спыненне вайны, пад’ём эканомікі, гэта само сабою».

«Сто дзён – гэта маленькі тэрмін, каб нешта змянілася, я мяркую. Праца праводзіцца, а вынік будзе нашмат пазней».

Адназначным дасягненнем называюць беспрэцэдэнтную ва ўкраінскай гісторыі канцэнтрацыю ўлады ў руках адной палітычнай сілы. І адбылося гэта ў межах дэмакратычнай працэдуры, у адпаведнасці з народным волевыяўленнем. А пакуль электарат у эйфарыі, эліты павольна пачынаюць прыстасоўвацца.

«Паказальна, што дыялог з бізнесам, пра які так шмат казалі, чамусьці вядзецца з нашымі алігархамі ў фармаце тэт-а-тэт, а не на калектыўным сходзе. У той жа час да дробных чыноўнікаў Зяленскі любіць прыязджаць і хлястаць асабіста. Хаця гэта ніяк не ўваходзіць у ягоныя прэзідэнцкія паўнамоцтвы», – кажа палітычны эксперт Яўген Магда.

У вонкавай палітыцы на першым плане – вайна Украіны з Расеяй і вяртанне на радзіму ўкраінскіх грамадзянаў, якіх расейскі бок незаконна ўтрымлівае. Гэта вельмі балючае пытанне для ўкраінскага грамадства.

Глядзіце рэпартаж Яна Вярбіцкага і Тараса Ратушнага ў поўным выданні навінаў за 27 жніўня

«Для Зяленскага тут вельмі важна было прадэманстраваць станоўчыя змены, асабліва гэта было б кантрастна на фоне прабуксоўкі ў гэтай дзейнасці спадара Парашэнкі. Тут гэта палка з двума канцамі. З аднаго боку, было б пазітыўна атрымаць абмен незаконна ўтрыманымі, з другога боку, у Крамлі таксама выдатна разумеюць, які гэта балючы пункт і як можна маніпуляваць сітуацыяй ды, як на кручок, злавіць маладасведчанага Зяленскага» – мяркуе палітычны эксперт Алег Саакян.

«Што да Расеі, яе, напэўна, задавальняе, што Парашэнка не ва ўладзе, а Зяленскі дэманструе сваю міралюбнасць, што перамірʼе працягваецца, не зважаючы на тое, што ўкраінскія вайскоўцы ўсцяж гінуць. Што датычыць Захаду, для Захаду гэтая канцэнтрацыя ўлады ў руках адной палітычнай сілы – сігнал, што можна ўвасабляць у жыццё Менскія пагадненні» – дадае Яўген Магда.

Зрэшты, ня менш магутны сігнал Зяленскі атрымаў ад грамадства 24 жніўня на святкаванні Дня Незалежнасці. Першапачаткова прэзідэнт заяўляў, што вайсковага параду ня будзе, але, калі абураныя ветэраны абвесцілі, што зарганізуюць імпрэзу самыя, у офісе прэзідэнта абвесцілі пра афіцыйнае святкаванне – у новым фармаце. У выніку афіцыйныя ўрачыстасці ніяк не рэзанавалі з арганізаваным грамадскасцю Маршам абаронцаў Украіны. Гэта пасыл, што крэдыт даверу прэзідэнту ня ёсць ні вечным, ні абсалютным.

Ян Вярбіцкі, Тарас Ратушны, «Белсат»