З заявы Аляксандра Лукашэнкі: Беларусь мае ракету сярэдняй далёкасці


Гэта вынікае з сённяшніх заяваў Аляксандра Лукашэнкі. Але адначасова краіна прытрымліваецца савецка-амерыканскай дамовы аб ліквідацыі ракет меншай і сярэдняй дальнасці.

Таксама кіраўнік дзяржавы назваў Беларусь гарачаю палітычнаю кропкаю, а таму загадаў узмацняць захады бяспекі.

«Мы стварылі «сярэднюю» ракету, гаворка ішла аб павелічэнні далёкасці, магутнасці гэтых ракет на падставе той базы, якая ў нас існуе, досведу нашых партнёраў, перадусім Кітаю, з якім мы актыўна супрацоўнічаем у галіне ракетабудавання», – заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Калі такую магутную зброю стваралі, то ўпотай – кажа кіраўнік праекту «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў, бо ўдзельнічалі ў савецка-амерыканскай Дамове аб ліквідацыі ракетаў сярэдняй і меншай далёкасці:

«Гэтая дамова страціла моц толькі 2 жніўня 2019 года. Зразумела, што за месяц ці паўтара стварыць такую ракету немагчыма. Гэта азначае, што Аляксандр Лукашэнка фактычна заявіў, што Беларусь парушала свае дамоўленасці ў межах гэтае дамовы».

Прычыны для ўдасканалення вайсковага арсеналу – геапалітычныя, лічыць вярхоўны галоўнакамандуючы. Беларусь ён назваў гарачаю палітычнаю кропкаю. Патэнцыйных праціўнікаў не акрэсліў.

«Магчымы праціўнік – краіны NATO, таму тэрыторыя гэтых краінаў, ваенная інфраструктура і аб’екты дзяржаўнага кіравання зʼяўляюцца патэнцыйнаю мэтаю для ракетнай сістэмы Паланэз, разам са сталіцамі гэтых краінаў, не будзем саромецца», – мяркуе вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

У дыяпазоне ракеты сярэдняй далёкасці была б і Масква…Таму Аляксандр Алесін перакананы, што Лукашэнка «агаварыўся», кажучы пра стварэнне ракеты сярэдняй далёкасці. Афіцыйна ў Беларусі ёсць вытворчасць ракетаў малой далёкасці для комплексаў «Паланэз», а таксама распрацаваная аператыўна-тактычная ракета далёкасцю пяцьсот кіламетраў.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Высокадакладная зброя, мы яе стварылі. Ракету. Што такое ракета, якая ўхіляецца ад мэты пры нанясенні ўдару ўсяго на метр ці на 10 метраў? Гэта высокадакладная зброя, якая ляціць за 300 кіламетраў».

Ракеты сярэдняй далёкасці зʼявявіліся б у Беларусі толькі праз націск Масквы – кажа вайсковы аглядальнік Алесін. Гэтак Масква магла б адрэагаваць на размяшчэнне Злучанымі Штатамі сваіх ракетаў у Еўропе:

«Я думаю, што амерыканцы не будуць у бліжэйшай будучыні размяшчаць у Еўропе ракеты малой і сярэдняй далёкасці, тым больш, што краінам Еўропы гэтага вельмі не хочацца, бо яны апынуцца першаю мішэнню. Бо гэтыя ракеты да ЗША не дастануць».

Тым не менш Лукашэнка лічыць, што Беларусь знаходзіцца ў ваеннай катлавіне. Ці гэта слушна, мы запыталі на вуліцах Менску.

Юлія Цяльпук belsat.eu