З-за будаўніцтва воднага шляху Е40 падымецца ўзровень радыяцыі


Новыя эканамічныя магчымасці ці прыродная катастрофа? Водны шлях Е40, які абмяркоўваюць ужо некалькі гадоў, мае злучыць Балтыйскае мора з Чорным. Для гэтага давядзецца паглыбіць Дняпро, Прыпяць, Буг і пабудаваць шлюзы. Праблема ў тым, што шлях праходзіць праз чарнобыльскую зону адчужэння.

Паводле даследавання французскай Асацыяцыі кантролю радыеактыўнасці, такія працы могуць быць небяспечныя для працаўнікоў воднага шляху.

«Чарнобыльская зона адчужэння – найбольш забруджаная тэрыторыя на ўсім участку Е40. І на гэтым участку работнікі, якія будуць будаваць гэты водны шлях, зазнаюць неапраўдана высокія дозы радыяцыі. Гэтыя дозы нават вышэйшыя, чымся ў работнікаў атамнай станцыі «Фукусіма», – кажа Давід Буае, аўтар даследавання.

Меркаваны шлях пройдзе за некалькі кіламетраў ад рэактара.

«Ёсць рызыка, ёсць разуменне таго, што цэзій і стронцый назапашваюцца ў донных адкладаннях. Гэта ў любым выпадку прывядзе да ўплыву на стан паверхневых водаў і тое, што вы кажаце, што можа выносіцца ў Кіеў, а мы ў Кіеве п’ём ваду ў тым ліку з Дняпра», – кажа кіраўнік Нацянальнага экалагічнага цэнтру Украіны Руслан Гаўрылюк.

Паводле тэхнічна-эканамічнага абгрунтавання праекту Е40 паглыбляць дно варта будзе штогод. Міжнароднае агенцтва атамнай энергіі рэкамендуе наагул ніякія працы ў акваторыі Кіеўскага вадасховішча не праводзіць. Да таго ж пад пагрозаю забруджання радыенуклідамі і іншыя водныя аб’екты.

«Калі пачаць іх капаць – яны ўсе трапяць у ваду і з плынню будуць разносіцца ўніз, да Чорнага мора, будзе забруджвацца і Чорнае мора. Узровень забруджання будзе значна, у разы вышэйшы як цяпер», – расказвае заолаг з ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Сяргей Зуёнак.

Радыяцыя – не адзіная рызыка. Праз змену гідралагічнага рэжыму пад пагрозай аказаліся флора і фаўна трох краінаў.

«Будуць знікаць усе групы жывёлы: і бесхрыбетныя, і матылі, хрыбетныя, амфібіі, рэптыліі ды птушкі», – кажа Сяргей.

Тым часам беларусы ўжо рыхтуюцца будаваць порт на мяжы з Украінаю. Цяпер адводзяць зямлю пад надзел на 350 гектараў у вёсцы Ніжнія Жары. А Міністэрства інфраструктуры Украіны сёлета збіраецца распачаць паглыбленне дна Дняпра і Кіеўскага вадасховішча.

«Працы ў паглыбленні дна сапраўды запланаваныя, і нашая арганізацыя падала ў суд украінскі, каб іх спыніць. Бо гэта робіцца супрацьзаконна: без неабходных экалагічных ацэнак, без абмеркавання гэтага праекту», – кажа кіраўнік Нацянальнага экалагічнага цэнтру Украіны Руслан Гаўрылюк.

Першае слуханне прызначылі на 12 траўня.

Наста Кахановіч, «Белсат»