З'явіўся помнік ахвяраў смаленскай авіякатастрофы


Самалёт прэзідэнта Леха Качыньскага пацярпеў крушэнне роўна 8 гадоў таму.

Помнік з цёмнага граніту адначасова нагадвае крыло самалёту і лесвіцу ў нябёсы. Мемарыял ахвярам смаленскай катастрофы адкрылі на плошчы Пілсудскага ў цэнтры Варшавы. На цырымоніі прысутнічалі прэзідэнт Анджэй Дуда і лідар кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі – брат загінулага ў катастрофе прэзідэнта Леха Качыньскага.

«Народ, які мае пачуццё годнасці, дзяржава, якая хоча, каб яе ўспрымалі сур’ёзна, павінна такія трагічныя падзеі ўвекавечваць. Мы не павінны баяцца. І гэта вельмі важна!», – сказаў падчас урастасцяў Яраслаў Качыньскі, лідар кіроўнай партыі «Права і справядлівасць».

Вянкі ў гэты памятны дзень ускладалі на магіле прэзідэнта Качыньскага ў Кракаве, на варшаўскіх Паванзкоўскіх могілках, дзе пахаваныя ахвяры катастрофы, а таксама каля прэзідэнцкага палацу.

Авіякатастрофа, якая адбылася 10 красавіка 2010 года, была беспрэцэдэнтная. У ёй загінулі прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі, ягоная жонка Марыя, вядомыя польскія палітыкі, рэлігійныя і грамадскія дзеячы і амаль усё камандаванне ўзброеных сілаў. Яны ляцелі, каб ушанаваць памяць палякаў, расстраляных НКВД у Катыні ў 1940 годзе.

У густым тумане самалёт польскага прэзідэнта знізіўся да небяспечнай вышыні, сутыкнуўся з дрэвамі ды разбіўся, не дацягнуўшы да пасадачнай паласы.

Расейскія следчыя назвалі прычынаю катастрофы няправільныя дзеянні экіпажу. Польская ўрадавая камісія ўсклала частку віны на расейскія наземныя службы. Аднак у Польшчы часта гучыць версія аб замаху. Сітуацыю ўскладняе тое, што Расея праз 8 гадоў так і не пагадзілася аддаць Польшчы аскепкі самалёта.

«Самы важны рэчавы доказ, якім з’яўляюцца абломкі самалёта, знаходзіцца ў Расеі і расейскія ўлады не хочуць яго аддаць. На маю думку, гэта бяспраўе – хаця б па той прычыне, што самалёт з’яўляецца ўласнасцю Польшчы. Гэта самалёт расейскай вытворчасці, але яго купіла Польшча і гэта польская маёмасць. Польская маёмасць павінна быць вернутая ў Польшчу. Можна толькі пытацца, чаму расейцы не хочуць аддаць гэтых абломкаў», – казаў пасля цырымоніі адкрыцця помніку польскі прэзідэнт Анджэй Дуда.

Смаленская катастрофа стала адною з самых значных і знакавых трагедыяў у гісторыі сучаснай Польшчы. Спрэчкі вакол яе прычынаў, напэўна, не ўціхнуць яшчэ шмат гадоў, а помнік, адкрыты сёння, не стане апошні. Ужо ў лістападзе тут, у цэнтры Варшавы, на плошчы Юзэфа Пілсудскага, адкрыюць помнік загінуламу пад Смаленскам прэзідэнту Леху Качыньскаму. Ён будзе стаяць усяго за некалькі дзясяткаў метраў ад манументу стваральніку польскай дзяржавы.

Аляксандр Папко