Зʼявілася петыцыя за наданне менскай вуліцы імя Юрыя Зісера


Больш за 4 тысячы подпісаў пад петыцыяй за наданне адной з вуліцаў сталіцы імя Юрыя Зісера – заснавальніка парталу TUT.BY, грамадскага дзеяча і мецэната. Сябра камісіі, якая прымае рашэнні аб называнні менскіх вуліцаў, сцвярджае, што прапановы грамадскасці не застаюцца без увагі ды заносяцца ў спіс чакання.

«У гэтым спісе, я дакладна не памятаю, 30-50-60 чалавек. Мы ўважліва праглядаем гэты спіс, і калі ёсць магчымасць, ёсць зручнае месца… Вельмі важна, каб новыя назвы вуліцаў адказвалі на пытанне, а чаму яна гэтак называецца, чаму менавіта тут яна з’явілася?», – кажа чалец тапанімічнай камісіі пры Менгарвыканкаме Іван Сацукевіч.

Паводле Івана Сацукевіча, спяшацца з наданнем вуліцы імя таго ці іншага чалавека не варта.

«У нас, на жаль, былі няўдалыя прыклады, калі нас фактычна прымушалі прыняць рашэнне. Напрыклад, у Менску з’явілася вуліца імя былога начальніка беларускай чыгункі Валадзько. Паспрабуйце зараз прайсціся і спытаць, хто такі Валадзько? Я баюся, ніхто з тых, хто там жыве, вам не адкажа на гэтае пытанне. Вуліца Чайлыткі ў Сухараве, вуліца Чычурына…», – кажа Іван Сацукевіч.

Ініцыятываў перайменавання вуліцаў за апошнія некалькі гадоў было некалькі. Бадай, самая вядомая – спроба назваць вуліцу ў гонар пісьменніка Васіля Быкава. Аднак у Менску яе дагэтуль няма. Затое зʼявілася пакуль адзіная на ўсю Беларусь вуліца Васіля Быкава ў пасёлку Ждановічы, недалёка ад Менску. Праўда, знайсці яе не так проста, дый шматлюднай нельга назваць. У 2017 годзе прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі накіравалі зварот з сотняй подпісаў за перайменаванне праспекту Дзяржынскага. Замест імя ініцыятара чырвонага тэрору праспект прапаноўвалі назваць імем вядомага беларускага святара Адама Станкевіча.

«Беларускія ўлады і Менскі гарвыканкам… адказ мы атрымалі такі ж самы, як атрымалі шэраг адказаў з розных мястэчак і гарадоў Беларусі. Яны адказалі, што немэтазгодна пераймяноўваць, бо гэта выкліча дадатковыя фінансавыя затраты», – распавёў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Няма ў сталіцы дагэтуль вуліцаў Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча… Самы яскравы прыклад перайменавання беларускіх вуліцаў у незалежнай Беларусі адбыўся ў Маладзечне ў першай палове 90-х. Тады змянілі амаль усе камуністычныя назвы. Былы сакратар тагачаснай тапанімічнай камісіі Алесь Капуцкі ўзгадвае, чаму гэта стала гэта магчыма:

«Таму што на чале гораду стаў Генадзь Карпенка, які прытрымліваўся дэмакратычных поглядаў. А каб гэтага не адбылося, то і ў Маладзечне было б тое ж самае. Жылі б мы на праспекце Леніна і на Савецкай».

Маладзечна гэтак і застаецца адзіным беларускім горадам, у якім вуліцам вярнулі гістарычныя назвы.

Алена Дубовік, «Белсат»