Аб'ектыў 20.09.2018 З’явілася новае месца, дзе вы можаце паразмаўляць па-беларуску


На мапе Менску з’явілася яшчэ адна кропка для тых, хто прагне беларускамоўнага асяроддзя – праект «Беларускамоўныя». У адрозненні ад «Мовы Нанова», там не будзе лекцыяў, толькі практыка, а запрошаныя госці будуць распавядаць пра свой шлях да беларушчыны.

У культурніцкім цэнтры «Арт-сядзіба» у Менску далі старт праекту «Беларускамоўныя». Назва кажа самая за сябе: гэта цыкл сустрэчаў з носьбітамі беларускае мовы. Запрашаюць у якасці выступоўцаў не толькі зорак, але і людзей розных прафесіяў ды заняткаў: сантэхнікаў, юрыстаў, прадаўцоў, навучэнцаў. Гэтак, напрыклад, гераіня першай сустрэчы Марына Дубатоўка – чацверакурсніца БДУ, якая год таму перайшла на беларускую.

Марына Дубатоўка, беларускамоўная студэнтка БДУ:

«Ну, скажу шчыра, што я сустрэла некаторыя перашкоды, пачынаючы з маёй сям’і ды сканчаючы маім атачэннем: знаёмымі, сябрамі. Але з кожным днём, з кожным месяцам усё больш людзей ухваляюць маю мову».

Спачатку бацькі не разумелі, што яна кажа, і прасілі перакласці, а пасля – змірыліся ды пачалі Марыну падтрымліваць. На гістарычным факультэце, дзе дзяўчына вучыцца, да беларускай мовы таксама ставяцца без негатыву. Але, калі выкладчык чытае лекцыю па-расейску, Марыне даводзіцца перакладаць яе, каб напісаць канспект па-беларуску. Марына Дубатоўка:

«І гэта таксама выклікае складанасці, бо трэба ўзгадваць нейкія словы, перакладаць, трэба зазіраць у слоўнік, каб усё ж трасянкай не карыстацца».

Разам з Марынай пра свой шлях беларускамоўнага музыкі распавядаў лідар гурта «Зніч» Алесь Таболіч. Размаўляць па-беларуску ён пачаў яшчэ ў школе, і пазітыўныя змены ў параўнанні з 90-мі заўважае, але яны не глабальныя. Алесь Таболіч, лідар гурта «Znich»:

«Савок ёсць савок, і калі ў нас дзяржаўныя чыноўнікі не будуць размаўляць па-беларуску, то нічога не зменіцца».

Чыноўнікаў на праект «Беларускамоўныя», што праўда, пакуль не запрашалі, а вось каб дапамагчы наведнікам паволі перайсці не беларускую мову, стваральнікі праекту будуць штотыдзень прапаноўваць новыя заданні. Алесь Снег, стваральнік праекту «Беларускамоўныя», расказвае:

«Напрыклад, будзе заданне пачаць размаўляць па-беларуску ў краме, і ў наступную сераду мы спытаем, ці былі праблемы, ці лёгка гэта, бо таксама ёсць такі момант, што людзі не пераходзяць на беларускую мову адразу».

Збірацца на «Арт-сядзібе» «Беларускамоўныя» будуць штосераду, наступным разам запрошанымі выступоўцамі стануць музыка і шматдзетны бацька Дзяніс Філіпенка і ягоная дачка. Распавядаць будуць пра тое, як перадаць дзецям любоў да беларускае мовы.

НХ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары