З усіх замежных дэлегацыяў з Трасцянца ў Курапаты прыехалі толькі палякі


Прэзідэнты Нямеччыны і Аўстрыі, а таксама высокапастаўленыя прадстаўнікі Чэхіі і Польшчы прыехалі ў Беларусь, каб адкрыць мемарыял на месцы канцлагеру «Трасцянец». У Курапаты заехалі толькі прадстаўнікі Польшчы.

Іерархі трох веравызнанняў, дэлегацыі пяці замежных краінаў і высокія беларускія чыноўнікі адкрылі сёння мемарыял на месцы былога нацысцкага канцлагеру ў вёсцы Трасцянец.

Яшчэ да пачатку эксперты казалі, што Аляксандр Лукашэнка выкарыстае цырымонію, каб палепшыць уласны імідж на Захадзе. Сёння кіраўнік Беларусі зрабіў шэраг красамоўных заяваў.

«Здавалася, што ўрокі Другой сусветнай вайны, агульныя для ўсіх, назаўжды засвоеныя чалавецтвам. Але сёння мы бачым, што мінулае нас не пакідае. Шмат хто не прызнае дзяржаўных межаў. Сусветная супольнасць зноў сутыкаецца з «дэманамі нецярпімасці», якія распальваюць нянавісць і правакуюць гвалт», – заявіў Лукашэнка ў Трасцянцы.

У колькасці ахвяраў сярод усіх нацысцкіх канцлагераў Трасцянец займае чацвертае месца. Тут забілі 200 тысячаў чалавек – ваеннапалонных, вязняў менскіх турмаў і габрэйскага гета, а таксама габрэяў з Аўстрыі, Нямеччыны, Чэхіі ды Польшчы.

«Я гляджу ў гэты імправізаваны зал – мы як адна сям’я. І мне падаецца, гэта галоўны сімвал нашай сённяшняй сустрэчы», – казаў Лукашэнка.

Каб не псаваць свята сямейнага прымірэння, улады вырашылі пазбыцца актыўных абаронцаў іншага месца памяці – урочышча Курапаты. Там ужо месяц ідуць пратэсты супраць рэстарану «Поедем поедим». Грамадскага актывіста Змітра Дашкевіча, які вёз усталёўваць на месца сталінскіх расстрэлаў уласнаручна вырабленыя крыжы, затрымалі. А ў ягонай фірме пачаў праверку аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі.

«Яны кажуць: «Тут ёсць апілкі, і мы бачым, што тут здзяйснялася правапарушэнне». Правапарушэнне – гэта нейкі незаконны выраб крыжоў. Я не разумею! Працэс нейкі вядзецца – а нам не далі ні копіяў, ні дакументаў», – кажа Дашкевіч.

Супраць актывістаў, якія блакуюць рэстаран, што адчыніўся ля месца масавага забойства, міліцыя склала ўжо дзясяткі пратаколаў.

«Мы тут адстойвалі нацыянальную памяць, а нам за гэта вось такую колькасць, стос пратаколаў! Тут усё: гэта будучыя суды, будучыя вялікія штрафы, содні, канфіскацыя маёмасці, арышты дамоў, пазбаўленне волі – за тое, што мы тут стаялі на працягу месяца. Нам гэта не трэба, мы гэта налепім тут. Мы не лічым сябе вінаватымі», – кажа актывістка Вольга Мікалайчык.

Пратэстоўцы запрасілі ў Курапаты прадстаўнікоў усіх дэлегацыяў, якія прыехалі на адкрыццё мемарыялу ў Трасцянцы. Аднак месца сталінскага тэрору наведала толькі дэлегацыя Польшчы на чале з сакратаром канцылярыі прэзідэнта Кшыштафам Шчэрскім. Візіт быў кароткі. Каментароў для медыяў палітыкі не давалі, да ўдзельнікаў пратэстаў не выходзілі.

«Мы не будзем цяпер даваць каментароў. Мы едзем у Трасцянец, а тут мы аддалі даніну павагі. Спадар міністр ужо ад’язджае. Мы не маем часу», – сказаў нашаму каналу амбасадар Польшчы Артур Міхальскі.

Пасля адкрыцця мемарыялу і перамоваў з Лукашэнкам прэзідэнт Нямеччыны запланаваў сустрэчу з беларускай нобэлеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч. У размове з Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам пісьменніца хацела б закрануць і тэму забаўляльнай установы ў Курапатах.

«Я хацела б размаўляць пра Курапаты, – кажа Святлана Алексіевіч. – Гэта, можна сказаць, маральнае злачынства».

Чатыры гады таму, закладаючы памятную капсулу на месцы будучага мемарыялу, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Трасцянец мусіць стаць месцам агульнаеўрапейскага значэння. А што ж з Курапатамі, дзе былі забітыя грамадзяне не адной еўрапейскай краіны. Якія таксама заслугоўваюць міжнароднай пашаны.

Аляксандр Папко; фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum