З новай АЭС будзем спаць са святлом і грэцца ўлетку


Чым бліжэй да фіналу будаўніцтва беларускай АЭС – тым цікавей! Урад распачаў падрыхтоўку да замяшчэння атамнай энергіяй – прыроднага газу, нафтапрадуктаў. Да таго ж ствараецца безліч праектаў, якія будуць працаваць на электрычнасці. А насельніцтва чакае вяртанне да адзінага тарыфу на электраэнергію.

Даражэйшая электрычнасць удзень ды для неэканомных… Навучыліся карыстацца, усталявалі лічнікі… але наперадзе – агульны для ўсіх тарыф:

«Гэта добра, я – за».

«Я ўсё плачу своечасова, колькі набяжала, столькі я заплаціла».

«Можа быць гэта нават і выгадна будзе. Людзі ўсё ж цяпер ашчаджаюць».

«Сям’я ўкладаецца ў 150 клвт/г у месяц».

Калі не перавышаеце ліміту і маеце газавую пліту – пераменаў і не заўважыце. Патаннее электрычнасць для актыўных спажыўцоў энергіі ды для ўладальнікаў электраплітаў. Чакаюць вялікія задачы.

«Замяніць газавыя пліты на электрапліты, замяніць паравае ацяпленне на электраацяпленне, павялічыць колькасць электрамабіляў», – кажа Барыс Жаліба, прафесар эканомікі.

І пабудаваць станцыі, якія будуць гэтыя электрамабілі абслугоўваць… Усё гэта – дзеля таго, каб знайсці выкарыстанне на ўнутраным рынку таннейшай энергіі – атамнай. Ужо налета плануюць запусціць рэактары беларускай АЭС. Хоць і без яе па словах Аляксандра Лукашэнкі:

«Беларусь выйшла на перадавыя пазіцыі сярод краінаў садружнасці на вытворчасць аднаго клвт/г электраэнергіі…»

У галіну толькі за апошнія 5 гадоў укінулі звыш мільярда долараў інвестыцыяў. Рынак забяспечаны настолькі, што найбуйнейшая ў краіне Бярозаўская ДРЭС загружаная толькі напалову.

Нават калі давядзем айчынную прамысловасць да еўрапейскага ўзроўню спажывання электраэнергіі, застанецца зашмат электрычнасці. Уратуе толькі экспарт.

«Літва адразу заявіла, што пра аніякую пакупку электраэнергіі не будзе весціся. Тое самае пацвердзілі Латвія ды Эстонія, пасля – таксама Польшча. Прасцей кажучы станцыю будуюць, але пакупнікоў няма», – тлумачыць Барыс Жаліба, прафесар эканомікі.

Літва прызнала Астравецкую АЭС пагрозаю нацыянальнай бяспецы. Таму прапанаваць энергію можам толькі рынку Еўразійскай эканамічнай прасторы, які запрацуе ў ліпені наступнага года. Там будуць прасіць выгаднага тарыфу і прыглядацца да выдаткаў на стварэнне электралініяў. Патрэбен таксама час.

«Атамны рэактар мае працаваць напоўніцу. Калі рэактар працуе з недагрузкаю – гэта вельмі дрэнна. У прыватнасці, чаму ўзарвалі чарнобыльскі рэактар? Бо давялі да нізкай магутнасці», – гаворыць Георгій Лепін, фізік, прафесар тэхнічных навук.

Такім чынам, запусціць станцыю пад Астраўцом можам толькі маючы надзейныя дамовы на пастаўкі атамнай энергіі. Паралельна дзяржава спрабуе адтэрмінаваць сплачванне Маскве дзевяцімільярднага, у доларах, доўгу за будаўніцтва станцыі ды знізіць з 5,23 % да 3 % стаўку паводле яго. Сёння Расея і без гэтага субсідуе нас на 10 мільярдаў долараў.

«У межах такога субсідавання ў Беларусі няма магчымасці аддаваць даўгі па АЭС, тыя што яшчэ засталіся, бо часткова мы расплаціліся. Таму эканамічная бяспека краіны значна пагоршылася», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Імкнуліся – да незалежнасці ды моцы ў гэтай галіне. А набліжаемся да сітуацыі, калі з Астравецкай атамнай атрымаем загад: свяціць не толькі ўначы, але і ўдзень, ды грэцца ўлетку, не толькі зімою. Абы не спыняць ядравай рэакцыі.

Юлія Цяльпук, belsat.eu