З «Беркута» ў АМАП


Байцы украінскага спецпадраздзялення «Беркут», расфармаванага пасля забойства, калецтваў і катаванняў удзельнікаў Еўрамайдану, знайшліся не толькі ў Расеі, але і ў Беларусі. Цяпер яны байцы АМАПу і разганяюць мірныя дэманстрацыі.

«Беркут» – украінскі спецназ Віктара Януковіча. 7 гадоў таму, напрыканцы лістапада, яны жорстка збілі бяззбройных студэнтаў на мірнай акцыі пратэсту на кіеўскім Хрэшчатыку. Так пачаўся Еўрамайдан. Потым «беркутаўцы» стралялі з баявой зброі ды кідалі гранаты ў натоўп, а калі не дапамагло – сталі страляць з аўтаматаў і снайперскіх вінтовак.

У выніку Януковіча зрынулі, беркутаўцы разбегліся, хто ў Расею, хто ў Крым, ДНР, ЛНР, а хтосьці робіць тую самую працу ў Беларусі. Пра гэта сведчыць расследаванне, апублікаванае ў газеце «Новы час». Сёння выйшла першая частка.

«У расследаванні фігуруюць новыя паставы беркутаўцаў, пра якіх раней не было згадак. І гэта працяг маіх папярэдніх расследаванняў, у якіх праца не спынялася з 2017 года», – тлумачыць аўтар расследавання Дзяніс Івашын.

Знаёмцеся, капітан Дзмітрый Анцупаў, нарадзінец Саратаўскай вобласці. Ветэран «Беркута» ў Мікалаеве. Іх тады таксама вазілі ў Кіеў разганяць пратэсты. Пасля Еўрамайдану змог прайсці пераатэстацыю, быў намеснікам камандзіра спецроты ўкраінскай міліцыі ды старэйшым інспектарам баявой падрыхтоўкі.

А цяпер ён капітан менскага АМАПу, то бок ужо мае беларускае грамадзянства. Анцупаў рэгулярна трапляў у аб’ектывы дзяржаўных СМІ ў месцы дыслакацыі АМАПу.

А Анатолій Прымак – таксама былы мікалаеўскі «беркут», на фота ля менскай лазні. Цяпер ён баец менскага АМАПу, на чэмпіянаце ў рукапашным баі сярод менскай міліцыі займаў другое месца. Апроч неахайнасці ў сацыяльных сетках, Анцупава і Прымака абʼядноўвае ідэалогія – яны абодва лічаць Беларусь і Украіну часткамі Расеі ды сімпатызуюць баевікам на Данбасе.

«Яны выразна абараняюць «русский мир» – не толькі Лукашэнку абараняюць, але і «русский мир» у нашай краіне», – падкрэслівае Івашын.

Раней Дзяніс Івашын знайшоў у беларускай міліцыі беркутаўца з Мікалаеўскай вобласці Сяргея Панасенку. Той удзельнічаў у затрыманнях апазіцыянера Змітра Дашкевіча і братоў Куўшынавых ды засвяціўся ў судовых дакументах.

Яшчэ адзін мікалаеўскі «беркут» у менскім АМАПе – Сяргей Гаўрыляк – удзельнічаў у затрыманні анархіста.

Цяпер амапаўцы ў беларускіх судах сведчаць у балаклавах, праз відэасувязь і з прыдуманымі імёнамі-прозвішчамі. У балаклавах яны разганяюць пратэсты, збіваюць і катуюць ужо затрыманых і звязаных людзей.

Каб дзеянні сілавікоў не засталіся беспакаранымі, удзельніца прэзідэнцкіх выбараў Святлана Ціханоўская супольна з Народным антыкрызісным кіраўніцтвам ды ініцыятываю BYPOL стварылі праект «Адзінай кніга рэгістрацыі злачынстваў». Гэта поўная база датычных асобаў і доказаў.

«Кожны пацярпелы, або сведка, саўдзельнік злачынства можа загрузіць інфармацыю аб злачынстве з доказамі. І кожнае злачынства будзе спачатку спраўджанае юрыстамі, а потым апублікаванае», – кажа Святлана Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская цяпер дзейнічае ў выгнанні, пасля выбараў КДБ вывез яе на літоўскую мяжу. Аляксандр Лукашэнка дапамогу Літвы і Польшчы беларускай апазіцыі лічыць фактам агрэсіі супраць незалежнасці Беларусі. Сёння ён папрасіў дапамогі ў дзяржаваў вайсковага саюзу АДКБ, перадусім у Расеі.

«Гэта ніякія не каляровыя рэвалюцыі, як мы бачым у Беларусі, гэта звычайны мяцеж… Справа ў стварэнні вайсковай групоўкі НАТО для захопу гэтых земляў», – заявіў Лукашэнка на саміце АДКБ.

Уладзімір Пуцін выказаў Лукашэнку падтрымку ў ягонай барацьбе.

«Паслявыбарчыя падзеі ў Беларусі, якая сутыкнулася з беспрэцэдэнтным ціскам звонку», – так Пуцін акрэсліў дзеянні Лукашэнкі супраць грамадзянаў.

Вызначэнне са слоўніка: мяцеж – УЗБРОЕНЫЯ дзеянні, якія ўзніклі стыхійна або ў выніку змовы супраць дзяржаўнай улады.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»