З Беларусі праз Расею цяпер не ўцячэш


Дадзеныя «невыязных» грамадзянаў Беларусі і Расеі аб’яднаюць у адну базу. Адпаведная дамоўленасці паміж Міністэрствамі ўнутраных справаў абедзвюх краінаў былі падпісаныя ў Гомлі ў часе паседжання Савету міністраў гэтак званай Саюзнай дзяржавы.

Чыноўнікі на чале з прэмʼерамі Андрэем Кабяковым і Дзмітрыем Мядзведзевым абмеркавалі больш за два дзясяткі пытанняў, датычных фармавання адзінай міграцыйнай прасторы.

«Тыя пытанні, якія абмяркоўвацца, з большага зʼяўляюцца фармальнымі. Для таго проста, каб запоўніць парадак дня. Таму што Саюзная дзяржава ўжо не мае прыярытэтнага значэння для Масквы. Яна накіроўвае сваю ўвагу на рэалізацыю Еўразійскага праекту або праекту Еўразійскага саюзу», – мяркуе палітолаг Павел Усаў.

Што абмеркавалі?

Перад агульным пасяджэннем Саўміна кіраўнікі беларускага і расейскага ўрадаў правялі сустрэчу ў вузкім фармаце.

Адзіная візавая прастора, супрацьстаянне тэрарызму, пераадоленне наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, зацвярджэнне прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі, саюзны бюджэт на будучы год і шмат іншага. Спектр заяўленых тэмаў шырокі.

Пытанне крэдытаў – найбольш важнае для афіцыйнага Менску

Нездарма Лукашэнка пайшоў на ваенныя вучэнні, якія крытыкаваў Захад, і не паехаў на саміт Усходняга партнёрства. Аднак, нягледзячы на гэта, з-за большага ці меншага, але пацяплення адносінаў з Бруселем, напружанне на лініі Менск-Масква павялічваецца.

«Ёсць меркаванне, што Беларусь сыходзіць і сыходзіць па ўкраінскім фармаце. Вельмі цяжкае ўражанне на спецыялістаў аказала, калі ў студыі аднаго з каналаў беларускіх выказваліся ў дачыненні да канала НТВ, уразіла тое, што там апынуліся прадстаўнікі БНФ. У расейскім разуменні – гэта ўсё роўна, што паклікаць бандэраўцаў. Калі беларускія ўлады вось з такімі абʼядналіся супраць Расеі. Хоць заўсёды гаварыцца, што Беларусь не будзе сябраваць супраць кагосьці, але супраць Расеі яна сябруе вельмі добра», – зазначыў расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў.

У выпадку вострай неабходнасці, Менск ідзе на саступкі

Па заяве старшыні «Белнафтахіму», у наступным годзе Беларусь экспартуе да мільёна тон нафтапрадуктаў праз расейскія парты. Раней выкарыстоўваліся прыбалтыйскія, што было эканамічна больш эфектыўна.

Лола Бурыева, «Белсат»