З 1 студзеня Расея можа спыніць пастаўкі нафты ў Беларусь


Востры канфлікт ці звычайны метад вядзення перамоваў Менску з Масквой? У новы год Беларусь і Расея ўступаюць без падпісаных кантрактаў аб пастаўцы нафты і газу. Ці застанецца заўтра нашая краіна без гэтай сыравіны?

Не дамовіліся. З 1 студзеня Расея можа спыніць пастаўкі нафты ў Беларусь, паведаміла агенцтва «Ройтэрз» са спасылкаю на ўласныя крыніцы. Ці Масква сапраўды перакрые нафтаправоды?

«Не, безумоўна, такога падарунка Пуцін Лукашэнку не зробіць: каб той ізноў пачаў успамінаць пра акопы, у якіх гнілі беларусы і расейцы. Лукашэнка да апошняй хвіліны спадзяваўся, што яму ўдасца пераламаць Пуціна», – мяркуе эканаміст Леў Марголін.

Дзве тэлефонныя размовы з Уладзімірам Пуціным і адна з Дзмітрыем Мядзведзевым, якія Лукашэнка правёў цягам двух апошніх дзён, скончыліся без вынікаў, як і нафтагазавыя перамовы 20 снежня ў Пецярбурзе.

«Масква паставіла жорсткую ўмову: ніякіх кантрактаў з Менскам паводле тых цэнаў, на якіх Беларусь настойвае, не будзе, пакуль не будуць падпісаныя дарожныя мапы аб паглыбленні інтэграцыі ў поўным пакеце», – тлумачыць маскоўскі палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Пакуль жа, паводле агенцтва БелТА, Лукашэнка дамовіўся, што некаторы час паліва будуць пастаўляць у Беларусь без кантрактаў. Пры гэтым даручыў як найхутчэй завяршыць перамовы, зарганізаваць пастаўку нафты альтэрнатыўным шляхам – чыгункаю з балтыйскіх партоў і праз нафтаправод «Дружба». У рэверсным рэжыме трубаправод можа даставіць сыравіну ў Наваполацк.

«Каб выкарыстоўваць рэверс, трэба, каб у Літве і Латвіі былі гатовыя запасы нафты, гэта не проста ваду ў кране ўключыць. Патрэбнае тэхнічнае пераўзбраенне, тэхнічныя наладкі, і для гэтага наўрад ці аднаго дня хопіць», – лічыць Дзмітрый Балкунец.

Цана расейскай нафты і газу – адна з тэмаў, якія Менск і Масква абмяркоўваюць паралельна з перамовамі аб паглыбленні інтэграцыі. Паводле расейскага ўраду, з 31 інтэграцыйнай дарожнай мапы няўзгодненымі застаюцца тры – у пытаннях агульнага рынку нафты, газу і ўніфікацыі падаткаў.

Аляксандр Папко belsat.eu