З 1-га чэрвеня нашыя камунальныя рахункі пацяжэюць праз планавае падвышэнне тарыфаў на паслугі


Вырастуць кошты на цеплазабеспячэнне, гэта звычайна адбываецца за два этапы. Са снежня мы ўжо пачалі плаціць прыкладна на тры з паловаю долары болей. З заўтра ацяпленне і абагрэў вады падаражэюць яшчэ на паўтара долара.

Пры гэтым – рыхтуем рондалі і тазікі! Не зважаючы на эпідэміялагічную сітуацыю, улады прынялі рашэнне распачаць планавае адключэнне гарачай вады па ўсёй Беларусі. На 14-ць дзён.

З графікам адключэння гарачай вады ў чэрвені можна азнаёміцца на сайтах «Менсккамунцяплосетка» і «Менскэнерга».

Заўтра ж на 22 адсоткі Беларусь падвысіць мыты на нафту і нафтапрадукты, што экспартуюцца за межы ЕўрАзЭС. Паводле адпаведнай пастановы ўраду, стаўка экспартнага мыта на сырую нафту складзе 8 долараў трыццаць цэнтаў за 1 тону.

Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары Еўразія»: «Дастаткова рэвалюцыйныя змены адбыліся напачатку траўня, калі гэтае мыта знізілася прыблізна ў 9 разоў. Адпаведна, рэзка зменшылася і зніжка на кошты расейскай нафты, і рэзка зменшылася паступленне мытаў у беларускі бюджэт. Зараз рост гэтага мыта на 20 % ні да якіх значных зменаў як для набыцця нафты, так і для бюджэту не прывядзе».

Сотавая сувязь для абанентаў А1 таксама зробіцца даражэйшай. Абаненцкая плата на тарыфах «VOKA ТВ», «Інтэрнэт70» і «Хатні» ў сярэднім вырасце на 3 з паловаю адсоткі.

З 1-га да 9-га чэрвеня ў школах Беларусі пройдуць выпускныя экзамены. Распачнуць працу дзіцячыя і школьныя летнікі. Так, дзіцяча-аздараўленчы лагер «Дружба» ў Ашмянскім раёне ўжо гатовы прыняць да двухсот дзяцей, не зважаючы на пандэмію.

Наталля Фалевіч, дырэктарка летніку «Дружба»: «Інфармацыяй пра каронавірус мы валодаем. Усе меры, якія прымаюцца для бяспекі, мы прымаем. На тэрыторыі ў штаце хворых супрацоўнікаў няма. Усе, хто прыязджае да нас працаваць, здаровыя. То нічога нас не бянтэжыць у гэтым сэнсе».

З 1-га чэрвеня аднаўляе працу візавы цэнтр Вялікай Брытаніі. Прымаць заяўнікаў будуць пакуль па панядзелках і чацвяргах. Але прэсавая служба папярэджвае: наведнікі мусяць быць у масцы і выконваць правілы сацыяльнага дыстанцыявання.

І яшчэ адно новаўвядзенне. Для замежнікаў спрашчаюць працэдуру атрымання беларускага грамадзянства.

У большай ступені, змены датычаць замежных студэнтаў. Каб стаць грамадзянінам Беларусі, пражыць тут трэба не 7, а 5 гадоў. Спрошчаны парадак распаўсюдзяць і на асобаў, якія пабраліся шлюбам з беларусамі не менш як тры гады таму і маюць дзетак, грамадзянаў Беларусі.

Таццяна Уласенка, «Белсат»