Аб'ектыў 11.11.2018 Юрысты распавялі пра правы чалавека з дапамогай футболу


Спартовае свята пад слоганам «Футбол для ўсіх» зладзіла ў сталіцы праваабарончая арганізацыя «Human Constanta» і аматарскі футбольны клуб «Аўтазак».

У майстар-класах і міні-турніры мог узяць удзел хто заўгодна, не зважаючы на пол, узрост ці ўзровень валоданнем мячом.

«Вельмі мала прасторы даецца аматарам і «не мужчынам». І мы прапанавалі ўсім патрэнавацца асноўным рэчам, звязаным з футболам. Канкрэтна сёння – вялікае мерапрыемства, а ўвогуле «Аўтазак» спрабуе ладзіць гэта на сталай аснове», – кажа Валдзіс Фугаш, праваабаронца «Human Constanta».

Змагацца з футбольнымі ўпярэджаннямі не толькі на полі, але і на стадыёнах – адна з галоўных мэтаў сустрэчы.

«Вакол сябе спорт часта збірае розныя меркаванні ды ідэйныя погляды, калі фанаты пачынаюць радыкалізавацца. Таму нам падаецца важным пачаць размаўляць пра спорт, пра ідэю роўнасці ў тым ліку. І такія мерапрыемствы – гэта спроба нагадаць, што спорт можа несці нейкую станоўчую ідэю. І мы спрабуем аб’яднаць абсалютна розных людзей, якія могуць як пагуляць у футбол, так і паразмаўляць на важныя для нас тэмы», – кажа праваабаронца Наста Лойка.

Адной з такіх тэмаў стала затрыманне ў Беларусі былога таджыкскага футбаліста Парвіза Турсунава, які застаецца ў СІЗА і чакае экстрадыцыі на радзіму.

«Ён адмовіўся галіць бараду да пэўнай даўжыні. І тады таджыкістанскія ўлады сказалі, што ён прапаведуе салафізм – забароненае ў Таджыкістане адгалінаванне ісламу. Парвізу і ягонай сямʼі прыйшлося хавацца», – распавядае валанцёрка «Human Constanta» Ганна Хамякова

«Футбол для ўсіх» адбыўся ў межах Тыдня асветніцкіх дзеянняў супраць фашызму і антысемітызму. Са словаў арганізатараў, футбольная імпрэза – выдатны фармат, каб сабраць маладых людзей, якія дагэтуль, магчыма, не цікавіліся тэмаю правоў чалавека.

Міхась Ільін

Глядзі таксама
Каментары